5 траўня 2024, Нядзеля, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа скасавала банкаўскую таямніцу

4
Еўропа скасавала банкаўскую таямніцу

У Берліне было падпісанае гістарычнае пагадненне аб аўтаматычным абмене падатковай інфармацыяй.

Подпісы пад дакументам паставілі прадстаўнікі 51 краіны, паведамляе udf.by.

Падпісанне дакумента адбылося 29 кастрычніка ў Берліне на "Падатковай канферэнцыі - 2014", якая праводзіцца ў Міністэрстве фінансаў ФРГ.

Дзяржавы-падпісанты ўзялі на сябе абавязацельства з 2017 года выдаваць праз запыт зацікаўленай дзяржавы звесткі аб фінансавых рахунках падсправаздачных падаткаплацельшчыкаў - рэзідэнтаў гэтай краіны.

Да пагаднення далучыліся ўсе 28 краін Еўразвяза, у тым ліку Кіпр і Люксембург, а таксама Ліхтэнштэйн і Кайманавы выспы з усімі выспамі і абласцямі (у тым ліку Гібралтарам і Бярмуды), якія падпарадкоўваюцца англійскай кароне.

Пераломным момантам для тых краін, што сумняваліся, стаў банкаўскі крызіс на Кіпры, калі ўладам прыйшлося замарозіць частку ўкладаў.

Расея пакуль да пагаднення не далучылася. Таксама пакуль адсутнічаюць подпісы ЗША і Кітая. Швейцарыя абвясціла, што далучыцца да дакумента пазней, так як банкаўская сістэма краіны патрабуе правядзення шэрагу рэформ.

Паводле слоў міністра фінансаў ФРГ Вольфганга Шойбле, які стаў ініцыятарам падпісання пагаднення, "таямніца вакол фінансавых звестак больш несвоечасовая ў эпоху, калі грамадзяне, націснуўшы на кнопку, могуць з дапамогай інтэрнэту перамяшчаць грошы па ўсім свеце".

Рамачныя ўмовы пагаднення былі распрацаваныя пры падтрымцы АЭСР. У "Берлінскай дэкларацыі", апублікаванай на сайце МЗС ФРГ, гаворыцца, што першая група краін "прыняла рашэнне аб хуткім увядзенні новага адзінага і глабальнага стандарту аўтаматычнага абмену інфармацыяй аб падаткаплацельшчыках".

Краіны-падпісанты падкрэсліваюць у Дэкларацыі, якая была падрыхтаваная праз ініцыятыву Нямеччыны, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і Гішпаніі ў красавіку 2013 года, што яны "прынялі свядомае рашэнне на карысць стандартаў празрыстасці і цеснага супрацоўніцтва".

У мэтах выканання пагаднення банкі краін, якія падпісалі яго, павінны будуць 31 снежня 2015 правесці рэвізію і ўлік усяго старога фонду рахункаў, якія вядуцца ў іх, а з 1 студзеня 2016 года патрабаваць інфармацыю аб грамадзянстве ўсіх новых кліентаў.

Абмен звесткамі павінен будзе праводзіцца раз у год. Першы аўтаматычны абмен адбудзецца ў верасні 2017 года. Усе цэнтрабанкі краін-падпісантаў павінны будуць паведаміць у цэнтральныя фінансавыя ведамствы іншых краін звесткі аб усіх зарэгістраваных у іх замежных падаткаплацельшчыках.

Цэнтральныя ведамствы ў сваю чаргу павінны перадаць гэтую інфармацыю ў мясцовыя падатковыя інспекцыі.

Банкі, страхавыя кампаніі, рыэлтары і фінансавыя інстытуты павінны ў будучыні запытваць у трымальнікаў рахункаў інфармацыю аб месцы іх падаткаабкладання, гэта значыць, адрасы і тэлефоны, а таксама правяраць усе пераводы і транзакцыі.

У дачыненні рахункаў з больш чым адным мільёнам еўра дзейнічаюць асабліва строгія правілы. У выпадку выяўлення супярэчнасцей банкі павінны запытваць асабістую інфармацыю і правяраць яе. Аднак рахункі фондаў, фірмаў і траставых кампаній з абаротам менш чым 50 000 еўра наогул не павінны правярацца.

У будучыні фінансавыя інспекцыі па ўсім свеце змогуць атрымліваць цікавую для іх інфармацыю аб усіх падаткаплацельшчыках.

Між тым эксперты папярэджваюць аб тым, што і пасля падпісання пагаднення засталося ўсё яшчэ шмат спосабаў для сыходу ад падаткаў. Акрамя таго, дамова не ўтрымлівае канкрэтных прадпісанняў аб тым, як павінны правярацца звесткі фінансавых інстытутаў і іх кантрольная дзейнасць.

Незразумела таксама, як тэхнічна будзе арганізаваны абмен інфармацыяй паміж падатковымі ведамствамі. Варта адзначыць, што пакуль фактычна пагадненне існуе толькі на паперы. Акрамя таго, эксперты адзначаюць, што праблема можа сысці ў азіяцкія краіны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках