2 траўня 2024, Чацвер, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З алімпійскага Сочы ў Беларусь завезлі адзёр

5
З алімпійскага Сочы ў Беларусь завезлі адзёр

Ад першага захварэлага на адзёр у гэтым годзе інфіцыравалася 11 чалавек, прычым 8 з іх на працягу адной гадзіны знаходжання пацыента ў лякарні.

Медыкі заклікаюць не недаацэньваць гэта інфекцыйнае захворванне.

За шэсць месяцаў 2014 года ў Беларусі было зарэгістравана 64 выпадкі адзёру, а за ўвесь 2013 - 16 выпадкаў (10 - у 2012-м; 51 - у 2011-м; 1 - у 2010-м). Сярод тых, хто захварэў, 32 чалавекі былі жыхарамі Менска, 16 - Гарадзенскай вобласці, 7 - Менскай, па 4 чалавекі - Віцебскай і Берасцейскай і 1 - Магілёўскай. Усе яны захварэлі ў перыяд з канца сакавіка да сярэдзіны ліпеня, пішуць «Беларускія навіны».

Адзёр - вострае інфекцыйнае віруснае захворванне, якое характарызуецца агульнай інтаксікацыяй, высокай тэмпературай, паразай слізістых абалонак вачэй, дыхальных шляхоў і суправаджаецца сыпам.

Крыніца інфекцыі - хворы чалавек. Калі чалавек раней не хварэў на адзёр і не быў прышчэплены супраць гэтай інфекцыі, то пасля кантакту з хворым заражэнне адбываецца практычна ў 100% выпадкаў. Перадача ўзбуджальніка інфекцыі адбываецца паветрана-кропельным шляхам.

Першы чалавек, хворы ў Беларусі на адзёр ў 2014 годзе, працаваў у час зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы. І ён быў першым звяном у ланцужку, якоое прывяла да ўспышкі гэтага захворвання, якое хутка распаўсюджваецца.

Як распавяла загадчыца лабараторыі вакцынакіруемых інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Самойлавіч, ад першага захварэлага інфіцыравалася 11 чалавек, «прычым восем з іх на працягу адной гадзіны знаходжання пацыента ў 9-й клінічнай лякарні».

«Толькі дзякуючы велізарнай рабоце, праведзенай санітарна-эпідэміялагічнай службай сумесна з інфекцыяністамі ў своечасовым выяўленні і лабараторным абследаванні хворых, гэты выбліск ўдалося спыніць досыць хутка», - падкрэсліла Алена Самойлавіч.

Цыркуляцыя віруса была спыненая на працягу трох месяцаў, што з'яўляецца «вельмі добрым паказчыкам у еўрапейскім рэгіёне».

Агулам у гэтым годзе зафіксавана і лабараторна пацверджана чатыры выпадкі завозу віруса адзёру на тэрыторыю Беларусі - з Расеі і Украіны.

Медыкі кажуць, што за апошнія гады адзёр пасталеў. У Еўропе ў 2013 годзе 34%, а ў гэтым годзе ўжо 40% тых, хто захварэў складалі людзі старэйшыя за 20 гадоў. У Беларусі адзёр таксама даўно не дзіцячая інфекцыя. Каля 92% тых, хто захварэў у гэтым годзе былі дарослымі. Аднаму з іх было 56 гадоў.

Такім чынам, адзначыла Алена Самойлавіч, «пацверджаная правільнасць тактыкі вакцынацыі дзіцячага насельніцтва ў Беларусі».

Разам з тым палова тых, хто захварэў ,былі прышчэплены ад адзёру 10 і больш гадоў таму. На думку прадстаўніка РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, «можна казаць пра існаванне ў той перыяд праблем з імунагеннасцю, а таксама ўмовамі захоўвання вакцын, у выніку чаго прышчэпленыя засталіся ўспрымальнымі да адзёру».

У 2013 годзе ад адзёру ў еўрапейскім рэгіёне памерлі сем чалавек - па два ў Грузіі і Турцыі і па адным ва Украіне, Вялікай Брытаніі і Румыніі.

Больш за трэць хворых на адзёр у гэтым годзе ў Беларусі - медыцынскія работнікі, адзначыла Алена Самойлавіч. З яе слоў, абследаванне ўспрымальнасці да адзёру сярод работнікаў аховы здароўя ва ўзросце 20-34 года паказала, што палова ўспрымальная да гэтага захворвання.

«Складваецца ўражанне, што імунітэт сярод медыкаў яшчэ менш, чым сярод насельніцтва агулам. Мы працягнем абследаванне медработнікаў. Тыя з іх, хто не мае імунітэту да адзёру, будуць прышчэпленыя. Мы спадзяемся, што гэта дасць вынікі і павысіць разам з вакцынацыяй насельніцтва папуляцыйны імунітэт да адзёру», - сказала Алена Самойлавіч.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках