12 траўня 2024, Нядзеля, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі: Указ №222 ліквідуе малы бізнэс, пагаршаючы дабрабыт сем'яў

28
Прадпрымальнікі: Указ №222 ліквідуе малы бізнэс, пагаршаючы дабрабыт сем'яў

Асабліва балючая праблема ў невялікіх населеных пунктах.

Указ Лукашэнкі №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі» ліквідуе малы бізнэс і значна пагаршае дабрабыт сем'яў у малых гарадах, заявілі прадпрымальнікі з рэгіёнаў на IV Форуме жанчын-прадпрымальніц Беларусі, які 4 кастрычніка праходзіць у Менску.

Дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва «Ліён» (Рагачоў) Ала Гурэвіч падкрэсліла, што асабліва балючая праблема ў невялікіх населеных пунктах, дзе «мужчыны з'ехалі на заробкі за мяжу, а жанчынам знайсці працу немагчыма».

Гурэвіч адзначыла, што малы бізнэс, звязаны з гандлем, у асноўным з'яўляецца сферай дзейнасці жанчын і для многіх - адзінай крыніцай даходу сям'і. Паводле розных падлікаў, прыкладна траціна жанчын-ІП выхоўваюць дзяцей адныя і разлічваюць толькі на свае сілы, паведамляе БелаПАН.

Узровень адукацыі большасці жанчын-ІП абмежаваўся сярэдняй альбо спецыяльнай адукацыяй. Іх магчымасці перанавучання мінімальныя: больш за 80% жанчын-ІП старэйшыя за 40 гадоў, што значна абмяжоўвае іх запатрабаванасць на рынку працы.

Новыя правілы працы, згодна з указам, з'яўляюцца для многіх непераадольным бар'ерам, падкрэсліла Гурэвіч, пра гэта сведчаць масавыя звароты ў цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Жанчыны паказваюць, што для таго, каб набываць тавар з суправаджальнымі дакументамі, трэба ведаць нюансы банкаўскага, мытнага, падатковага заканадаўства. Для большасці жанчын, якія працуюць на рынку, гэта немагчыма, бо ў людзей няма адпаведных ведаў і матэрыяльных сродкаў. У якасці прыкладу Гурэвіч падала працэс закупкі тавару ў расейскіх пастаўнікоў, якія патрабуюць папярэднюю аплату за тавар да 30%. Пастаўка выконваецца цягам паўгады. «Пры гэтым існыя правілы дзейнічаюць да 1 сакавіка. Паводле кантракту, які ўкладаецца сёння, тавар прыйдзе толькі ў лютым. Такім чынам, закупка - гэта вельмі вялікая рызыка. Мы не разумеем, чаму беларускія ІП павінны падтрымліваць расейскіх імпарцёраў, замарожваючы свае актывы на паўгады», - сказала дырэктарка цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва.

У цяперашніх умовах квітнее расейскі рынак фірмаў-адзіночак, якія штампуюць фальшывыя дакументы, і буйныя расейскія імпарцёры, якія робяць сезонныя закупкі ўжо не за ўласныя грошы, а за сродкі беларускіх ІП, падкрэсліла Гурэвіч.

Яна адзначыла, што ў выніку стварылася сітуацыя ў якой многія далей праводзяць пастаўкі тавараў без дакументаў альбо паводле падробленых дакументах, каб хоць на нейкі час захаваць крыніцу даходу. Такім чынам, ІП пастаўленыя перад выбарам - альбо сыходзіць у цень, альбо рэзка зніжаць узровень сваіх даходаў.

«У нас ствараецца ўражанне, што ў Беларусі наўмысна ліквідуецца малы бізнэс, які дзяржаву не цікавіць, - сказала Гурэвіч. - Дзяржава абараняе інтарэсы буйнога бізнэсу. Калі мы расказваем прадстаўнікам мясцовых уладаў, як шмат жанчын апынуліся без крыніцы даходаў, нам кажуць, каб яны ішлі працаваць прадаўцамі ў супермаркеты. Аднак гэта не з'яўляецца прымальным для ўсіх. У выніку значная колькасць жанчын-ІП знаходзяцца разам са сваімі дзецьмі ў стрэсавым стане».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках