19 сакавiка 2024, aўторак, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка як Гіркін

87
Лукашэнка як Гіркін

Аляксандр Рыгоравіч вельмі баіцца за сваю бяспеку.

Паводле інфармацыі, якую паведамляюць крыніцы з Менска, ягоны сын Віктар, які курыруе сілавікоў, адбірае лепшых супрацоўнікаў з сілавых ведамстваў і спецслужбаў. Усе яны накіроўваюцца ў Службу бяспекі прэзідэнта.

Лукашэнка больш не давярае нават КДБ. І я яго разумею. У час знаходжання ў турме гэтага ведамства, я звярнула ўвагу, што большасць беларускіх чэкістаў - ад палкоўнікаў да лейтэнантаў - прарасейскія да мозгу касцей. Яны пагарджаюць беларускай гісторыяй, культурай і мовай, не прызнаюць нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, усе дарогі для іх вядуць у Маскву.

Дарэчы, многія кіраўнікі міністэрстваў, спецслужбаў і сілавых ведамстваў Беларусі пасля адстаўкі жывуць у Расеі. І ўпэўнена, іх паказанні аб усіх справунках і злачынствах, учыненых Лукашэнкам, акуратна запісаныя супрацоўнікамі ФСБ і чакаюць свайго часу. Самі ж былыя наменклатуршчыкі з задавальненнем вернуцца ў Беларусь у статусе намеснікаў расейскага прэзідэнта.

Пуцінская Расея, якая развязала вайну ва Украіне, і якая безумоўна рыхтуе далейшы наступ, не ў стане аплачваць патрэбы беларускага рэжыму. Вялізныя эканамічныя страты праз абвал коштаў на нафту і неабходнасць нарошчваць вайсковыя выдаткі не дазваляюць сёння субсідаваць сатэлітныя дзяржавы ў ранейшым аб'ёме.

Вядома, з зоны ўплыву Беларусь ніхто адпускаць не збіраецца. Але ўтрымліваць прарасейскі рэжым Лукашэнкі надмернымі фінансавымі ўліваннямі Расея проста не ў стане, бо сёння яе сумарныя страты праз заходнія санкцыі і адток капіталу складаюць сотні мільярдаў даляраў.

Расея аварыйна скарачае выдаткі на сацыяльныя праграмы, перакідае грошы з пенсійных фондаў на вайсковыя патрэбы, замарожвае будаўніцтва жылля і дарог.

Беларускі дыктатар з яго істэрыкамі, шараханнем і кіданнем, нетрыманнем прамовы і слова пасля падпісання дамовы аб Еўразійскім саюзе можа быць адпраўлены расейскім кіраўніцтвам на звалку.

Лукашэнка апынуўся ў тупіку - што б не зрабіў, гэта толькі пагоршыць сітуацыю. Пачнеш крычаць аб сваёй незалежнасці ад Крамля - рызыкуеш раніцай не прачнуцца. Ляжаш цалкам пад Пуціна - таксама ўсё страціш. Апетыты ва Уладзіміра Уладзіміравіча сёння іншыя. Яму ўжо не патрэбныя проста хаўруснікі, яму мала проста размяшчэння расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. Ён цяпер - «збіральнік земляў» і размаўляць з васаламі мае намер выключна ў форме імператыву.

Можна ставіць пад сумненні ўсё сацыяльныя апытанні, якія праводзяцца ў Беларусі, але тэндэнцыя відавочная - беларусы ў большасці сваёй абалваненыя расейскай прапагандай, якая сёння гучыць «з кожнага праса» ў нашых кватэрах. І калі заўтра «ўлада зменіцца», большасць не стане абараняць дамарослага тырана.

Стварыў гэтую сітуацыю таксама сам Лукашэнка, усе гэтыя гады планамерна знішчаючы нацыянальна арыентаваную апазіцыю, беларускую культуру, мову і адукацыю, зачыняючы незалежныя СМІ, якія заўсёды адстойвалі не толькі прынцыпы дэмакратыі, але і суверэнітэт. Ён асабіста знішчаў пачуццё ўласнай годнасці беларусаў, а людзям «без роду і племені» без розніцы, пад якія штандары станавіцца.

Успомнім хоць бы камічную сітуацыю, калі Лукашэнка памяняў у назве сваёй кішэннай моладзевай арганізацыі Беларускі патрыятычны саюз моладзі слова «патрыятычны» на «рэспубліканскі». Вось і атрымлівай рэспубліку без патрыётаў.

Хто будзе абараняць Лукашэнку ў крытычнай для яго сітуацыі? Мясніковіч, які служыў усім царам, або Пракаповіч, Сямашка і Снапкоў з усёй гэтай шэрай чыноўніцкай кагорты, якія страцілі ад бясконцых зневажанняў гонар і чалавечае аблічча? Ці можа, верны паплечнік і хаўруснік Шэйман заступіцца? Баюся, гэты можа толькі прыстрэліць з жалю.

Застаецца адна надзея - на старэйшага сынка Віцю, але таму, у адрозненне ад бацькі, хворага ўладай, ёсць што губляць. У «чорны дзень» для яго важней будзе капітал і асабістая бяспека. Дастаткова ўзгадаць, як «разважліва» павёў сябе Рамзан Кадыраў пасля нечаканай гібелі свайго бацькі. А ўсе гэтыя бравыя малайцы са Службы бяспекі цалкам могуць спатрэбіцца на ролю Сямёнаўскіх і Прэабражэнскіх гвардзейцаў, якія задушылі не аднаго цара.

Глупства беларускіх уладаў не ведае мяжы. Афіцыйныя медыя радасна трубяць, што Расея пакіне беларускаму рэжыму ўсе мыты ад продажу перапрацаванай расейскай нафты. Лукашэнка наважыў пайсці ва-банк і выставіў Пуціну ўльтыматум - нафтавыя грошы ці Еўразійскі саюз.

Можна ўявіць сабе злосць Пуціна, для якога Еўразійскі саюз як аднаўленне Расейскай імперыі, з'яўляецца справай жыцця. І тут нейкі менскі «гіркін-стралкоў» пачынае яго шантажаваць.

Лукашэнка так і не зразумеў, што ён для Пуціна ўжо такі ж зыцкіраўнік, як «прэзідэнты» і «прэм'еры» Чачні, ЛНР, ДНР, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўя, лёс і жыццё якіх цалкам вызначаецца Крамлём.

Ці будзе азначаць змена дыктатара страту незалежнасці Беларусі? Не. Але гэта будзе іншая гісторыя.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка ​​charter97.org

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках