2 траўня 2024, Чацвер, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяды ў Гомелі: актывісты прынеслі кветкі на месцы расстрэлаў

5
Дзяды ў Гомелі: актывісты прынеслі кветкі на месцы расстрэлаў

Грамадскія актывісты Гомеля наведалі месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсій.

Яно знаходзіцца на 9 кіламетры па абодва бакі Чарнігаўскай шашы. Актывісты ўсклалі вянкі і кветкі да чатырох крыжоў і запалілі памінальныя свечкі, паведамляе «Радыё Свабода».

Згодна з традыцыяй кожную восень, калі набліжаюцца Дзяды, гамяльчане, неабыякавыя да сваёй гісторыі, прыходзяць на 9 кіламетр Чарнігаўскай шашы, каб ушанаваць памяць продкаў, забітых у тутэйшых лясах сталінскімі катамі-энкавэдыстамі. Першае месца на шляху - высокі крыж з надпісам: «Адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў перыяд 1919-1940 гадоў».

«Стала ўжо традыцыяй у гэтыя дні збірацца тут, на гэтым месцы і вакол яго, дзе былі ў трыццатыя гады масавыя рэпрэсіі супраць грамадзян, якія былі не згодныя з палітыкай тагачасных уладаў ці ўвогуле ніякіх адносін да яе не мелі», - сказаў прадстаўнік гомельскіх дэмакратаў Уладзімір Кацора.

Актывіст лічыць, што Беларусь, на жаль, да гэтага часу не пазбылася палітычных рэпрэсій. Няма ранейшых «троек», расстрэлаў, але ёсць ціск на палітычных апанентаў праз ператрусы, арышты і штрафы.

«Як бы там ні было, але нашае месца ў такія дні тут, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія, можа, і не ўсведамляючы таго, аддалі жыцці за свабоду і незалежнасць Беларусі. Яны таксама сталі прычынай да таго, што краіна стала незалежнай, што ў ёй няма сталінізму. Мы ўпэўненыя, што ў бліжэйшыя гады дачакаемся, як кажуць беларусы, лепшай долі. І, магчыма, іншыя людзі будуць прыходзіць сюды і казаць словы падзякі тым, хто тут ляжыць. Таксама, можа, і нам добрае слова скажуць за тое, што мы знаходзілі мужнасць прыходзіць сюды, на гэта журботнае месца», - сказаў ён.

У гады сталінскіх рэпрэсій у лясах пад Гомелем расстралялі каля 25 тысяч мірных жыхароў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках