4 траўня 2024, Субота, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жывадзёр з Баранавічаў расстрэльвае котак

45
Жывадзёр з Баранавічаў расстрэльвае котак

Катоў, якія пацярпелі ад рук невядомых, сталі знаходзіць амаль у самым цэнтры горада.

Некаторыя са знойдзеных жывёл былі расстраляныя, піша мясцовае выданне Intex-press.

Скрываўленую котку з пакалечанымі лапамі знайшоў жыхар горада Валерый у раёне музычнай школы.

- Яна сядзела пад плотам школы на вул. Горкага ў лужыне крыві. Падціснула хвост, дрыжала. Прайсці міма я ніяк не мог, - распавёў ён.

Валерый адвёз няшчасную жывёлу ў ветэрынарную лякарню на вул. Дзімітрава. Там ёй спынілі крывацёк, укалолі антыбіётыкі. Лекары сказалі, што раны сур'ёзныя, патрэбен рэнтген для дакладнага дыягназу, а апарата ў нас у горадзе няма.

- Котка мучылася, цягала за сабой пакалечаныя лапы. Я не мог глядзець на гэта, наважыў адвезці ў Менск, - кажа жыхар Баранавічаў.

Рэнтген паказаў тры кулі ў ніжняй частцы тулава! Раны былі смяротнымі.

- Лекары сказалі, што праапераваць яны, вядома, могуць. Але жывёла з такімі пашкоджаннямі пражыве нядоўга. Прыйшлося ўсыпіць, - кажа мужчына. - Я прывёз яе ў Баранавічы. Зрабіць ужо нічога не мог, засталося толькі пахаваць. Але перад гэтым дастаў адну з куль з хваста, не ведаю навошта. Шкада было жывёлу. Потым пахаваў.

Валерый звярнуўся ў міліцыю. Заяву абяцалі разгледзець і прыняць меры.

Гэтая котка была не першай ахвярай невядомых жывадзёраў. На працягу некалькіх дзён у раёне музычнай школы, са слоў відавочцаў (і гэта толькі тых, з якімі нам удалося пагаварыць!), было знойдзена пяць мёртвых катоў. Раніцай таго ж дня, калі Валерый падабраў акрываўленую жывёлу, жыхаркі дамоў па вуліцы Лісіна Людміла і Наталля знайшлі труп ката на лужку ў музычнай школы. У жывёліны была разбітая галава і пакалечаны жывот. Жанчыны ўпэўненыя, што ката не магла збіць машына.

- Калі б яго збіла машына, то пацярпела б ўсё тулава або адна пэўная частка, а ў яго было некалькі кропкавых пашкоджанняў. Мы мяркуем, што ў жывёлу стралялі, - кажуць жанчыны.

Свайго абурэння яны не хаваюць:

- Бо гэта ж дзеці бачаць! Уяўляеце, які ўдар для псіхікі дзіцяці - бачыць забітую жывёлу ў лужыне крыві прама на вуліцы, каля школы! Чалавек, які зрабіў гэта, - забойца. Ніхто не мае права адбіраць жыцця ў жывой істоты. Хто ведае, можа, у наступны раз гэты жывадзёр захоча забіць чалавека.

Падобныя заявы паступаюць даволі часта, распавёў участковы інспектар міліцыі Баранавіцкага ГАУС Радзівон Цішкевіч. У большасці сваёй да суда яны не даходзяць праз адсутнасць сведак і доказаў.

- У Баранавічах было адно судовае паседжанне паводле жорсткага абыходжання з жывёламі за гэты год, - пацвярджае гэтыя словы старшыня суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Мікалай Кміта. - Мужчына задушыў сабаку сваёй жонкі, заплаціў штраф - 3 мільёны рублёў.

У Беларусі сёння ёсць толькі адміністрацыйная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Яна прадугледжвае не самае сур'ёзнае пакаранне, - штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне крымінальнай адказнасці за падобнае злачынства, будзе разгледжаны на восеньскай сесіі «парламента» ў гэтым годзе. Аматары жывёл вельмі спадзяюцца на гэта.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках