27 красавiка 2024, Субота, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка Эдуарда, які парэзаў яе і дзяцей: Не разумею, што з ім адбылося

31
Жонка Эдуарда, які парэзаў яе і дзяцей: Не разумею, што з ім адбылося

Вольга Ш., якая стала ахвярай жудаснай трагедыі ў Менску, распавядае пра тое, ці мог яе муж ужываць псіхатропы і ўваходзіць у секту.

«Я ў шпіталі, сама дзяцей не бачыла. Ведаю, што яны таксама ў бальніцы. Але як мне распавядае бабуля, ужо ўсе ў прынцыпе нармальна», - кажа «Еврорадио» Вольга Ш., жонка таго самага Эдуарда, які парэзаў нажом яе і дзяцей, а потым выехаў на вуліцу Гая ў Менску і ўчыніў аварыю, падчас якой загінулі людзі.

- Ёсць здагадкі, што ваш муж мог ужываць псіхатропы. Ці праўда гэта?

«Я, калі шчыра, не ведаю. Ніколі нічога падобнага не здаралася. А што дакладна адбылося, я не разумею. Спачатку ўсё здарылася ў доме, а што было далей - я не бачыла. Мне пра гэта ўжо распавялі», - Вольга спрабуе быць ветлівай, але відавочна, што жанчыне вельмі цяжка казаць і аналізаваць сітуацыю.

- Ці магло тое, што здарылася, быць звязана з сектай, якую Эдуард нібыта наведваў?

- Вельмі шмат пытанняў. Але такога я не назірала, мне ён нічога не казаў. Я пра гэта не ведаю.

Нагадаем, што ў суботу, 8 лістапада, мужчына парэзаў нажом жонку і маленькіх сына і дачку. А потым выйшаў у майцы і трусах ў двор, сеў у «Аўдзі» бізнэс-класа і на шалёнай для горада хуткасці пратараніў старэнькую «Аўдзі-100», у якой загінулі пажылая пара і сабака. У выніку гэтага сутыкнення было разбіта яшчэ некалькі машын.

Сам падазраваны Эдуард Ш. цэлым выйшаў з машыны і пайшоў далей па вуліцы Гая. Неўзабаве яго затрымалі. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкулаў «Замах на забойства» і «Парушэнне ПДР, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць двух асоб».

Пакуль вядзецца следства, грамадства вылучае свае версіі адносна прычын трагедыі. Хтосьці ківае на магчымае псіхічнае парушэнне, хтосьці - на ўжыванне дызайнерскіх наркотыкаў, хтосьці - на міфічную секту, якую апошнім часам нібыта наведваў падазраваны. Але, як папярэдне мяркуюць следчыя, відавочных матываў увязвацца ў такія злачынствы ў Эдуарда Ш. не было. Алкаголю і наркотыкаў у яго крыві не выявілі, хоць тэарэтычна вызначыць некаторыя спайсы і міксы новага пакалення нельга ўжо праз кароткі час пасля прыёму. Як бы там ні было, следства прызначыла падазраванаму комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

У гэтай трагедыі не можа не абураць адзін нюанс. Чаму міліцыя своечасова не спыніла Эдуарда Ш.? Тым больш, што ў чацвер 6 лістапада, мужчына навёў шоргату ў дзіцячым садзе па вуліцы Карастаянавай, які наведвае ягоны сын. Ходзяць чуткі, што Эдуард нечакана прадэманстраваў дзецям і бацькам нож.

«Ніхто нажом ня размахваў», - адбіваецца ад журналістаў загадчыца садам Ала Прахарчык.

- Гэта значыць гэтага не было?

- Не было, нажом не размахваў.

- А міліцыю выклікалі ў садок?

- Міліцыю выклікалі, так. Усё, нічога больш казаць не буду.

Вядома, што праваахоўнікі наведваліся і на 5-й Смаргоўскі завулак, дзе Эдуард разам з жонкай і двума дзецьмі здымалі частку дома. Але даволі далікатныя з выгляду драўляныя вароты сталі для людзей у пагонах праблемай.

«Калі б яны хацелі ўвайсці, то ўвайшлі б. Значыць, так хацелі увайсці», - апісвае паводзіны міліцыянтаў яшчэ адна жыхарка дома.

- А ў чым справа? Іх не пусцілі, ці што?

«Яны вось так пастаялі ля плота, як вы, і сышлі. Таму ўсе пытанні да іх», - крытыкуе людзей у пагонах жанчына.

Магчыма, калі б міліцыя своечасова адрэагавала на сігнал з дзіцячага саду, то не было б двух трупаў, разбітых машын і парэзаных дзяцей, якіх ледзь выратавалі. Але размова ішла пра дырэктара кампаніі, а не аб якім-небудзь апазіцыянеры, які дзесьці памахаў сцягам. У адваротным выпадку ў катэдж, зразумела, зайшлі б.

Таму цікавімся ў ГУУС Менгарвыканкама, ці праводзіцца нейкія дзеянні з нагоды магчымай халатнасці міліцыянтаў з Цэнтральнага РУУС Менска.

«У сапраўдны момант усе каментарыі магчымыя толькі ад Следчага камітэта. Пракаментаваць штосьці я пакуль што не маю права», - так адказвае на пытанне начальнік прэс-службы ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

У цэнтральным апараце Следчага камітэта Беларусі тлумачаць, што вінаваціць міліцыю ў некампетэнтнасці рана.

«Трэба разабрацца ва ўсім, што адбывалася, усе праверыць. Безумоўна, будзе ўлічвацца і тое, ці можна было пазбегнуць трагедыі, - кажа начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Сяргей Кабаковіч. - Рана казаць, ці былі парушэнні з боку міліцыянтаў. Трэба даць следчым папрацаваць. Уяўляеце, колькі людзей пацярпела і колькі машын пашкоджана! Неабходна сфармаваць усе рэчавыя доказы, расставіць усе кропкі, правесці экспертызы...»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках