4 траўня 2024, Субота, 4:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі Лукашэнка адправіць у адстаўку Мясніковіча?

24
Калі Лукашэнка адправіць у адстаўку Мясніковіча?

Дыктатар заявіў, што збіраецца сфармаваць да пачатку 2015 «баяздольны склад урада».

- Я не хаваў, што для мяне цяпер праблема нумар адзін, улічваючы формулу «кадры вырашаюць усё», - сфармаваць да пачатку года баяздольны склад урада. Я не кажу, што трэба ўсіх разагнаць. Можа, і вы яшчэ з гэтым урадам можаце не толькі патроны падносіць, але і «кулямёт» у руках трымаць», - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Урад узмоцняць сябры БРСМ?

Экс-міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў адзначае, што ў краіне ёсць кадравы рэзерв, піша «Заўтра тваёй краіны».

- Яго рыхтавалі яшчэ 20 гадоў таму і пастаянна абнаўлялі: адных змянялі, іншых ставілі. На кожную пасаду былі некалькі чалавек. Праўда, не заўсёды прызначалі асоб з рэзерву, але гэта ўжо іншае пытанне, - кажа эксперт.

Ён падкрэслівае, што ў распараджэнні беларускіх уладаў ёсць вялікая колькасць людзей, якая імкнецца і якая прагне без якой-небудзь прафесійнай падрыхтоўкі рабіць любую працу

- Напрыклад, Міхаіл Орда, які ніколі не працаваў у прафсаюзах, цяпер камандуе Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. А яшчэ ў нас ёсць БРСМ, сябры якога толькі і мараць, як бы заняць нейкія пасады, у тым ліку і ва ўрадзе. Яны смела бяруцца за тое, чаго не ведаюць, і з задавальненнем працуюць, - кажа былы міністр.

Зрэшты, на ягоную думку, да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка наўрад ці будзе цалкам мяняць урад.

- Я б на ягоным месцы, наадварот, перад самымі выбарамі зваліў на гэты ўрад усё, - кажа Аляксандр Сасноў.

Да выбараў Мясніковічу адстаўка не пагражае?

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі прытрымліваецца думкі, што пакуль Лукашэнка «проста пстрыкае пугай».

- Гэта ягоны звычайны стыль. Гульні пад дэвізам «сякер башка» ўжо сталі традыцыйнымі. Дваццаць гадоў нязменны прэзідэнт менавіта ў такой манеры мае зносіны з урадам. Гэта такі спектакль пра строгага, добрага і справядлівага цара і нядбайных баяраў. Я думаю, што гэта не ў навінку і для Мясніковіча, які не аднойчы чуў падобныя пагрозы, але дагэтуль застаецца на чале ўрада, - нагадвае аналітык.

У той жа час, адзначае эксперт, Лукашэнка даў зразумець Мясніковічу, што можа пакінуць яго на чале ўрада.

- Я думаю, што да выбараў карэнным чынам мяняць урад Лукашэнкі не будзе. Адстаўка Мясніковіча можа ўстрывожыць народ. Людзі спалохаюцца, што грымне дэвальвацыя, пабягуць здымаць рублёвыя дэпазіты, скупляць даляры і іншае, - мяркуе суразмоўца.

Да таго ж, як мяркуе эксперт, да прэзідэнцкіх выбараў ніякіх рэформаў, хутчэй за ўсё, не адбудзецца, таму няма сэнсу прызначаць новага прэм'ера. Усё роўна ён будзе такім жа механічным выканаўцам.

- Структурныя рэформы, якіх патрабуюць крэдыторы, дыскамфортныя, яны выклічуць незадаволенасць электарату. Наўрад ці Лукашэнка пойдзе на гэта перад выбарамі. Ды і пасля выбараў гэта пад вялікім пытаннем, - мяркуе палітолаг.

Беларускія ўлады, на ягоную думку, пагодзяцца на нейкія структурныя рэформы толькі пад уздзеяннем замежных фактараў.

- Калі сур'ёзна пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў Расеі, дзе падае рубель і змрочныя перспектывы, і прыйдзецца тэрмінова прасіць грошы ў МВФ, тады пасля выбараў улады змацуючы сэрца, можа быць, і адважацца рэфармаваць эканоміку. Вось тады пад новыя задачы, магчыма, спатрэбіцца новая каманда з іншым падборам гульцоў, - прагназуе Аляксандр Класкоўскі.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках