3 траўня 2024, Пятніца, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Радзе Бяспекі ААН Літва заклікала Расею спыніць вайну супраць Украіны

2
У Радзе Бяспекі ААН Літва заклікала Расею спыніць вайну супраць Украіны

Расея ваюе супраць Украіны за тое, што апошняя адважылася выбраць іншы, еўрапейскі, шлях.

На пасяджэнні Рады Бяспекі Аб'яднаных Нацый 12 лістапада, прысвечаным абмеркаванню сітуацыі ва Украіне, Літва заклікала Расею спыніць вайну супраць Украіны, паведамілі charter97.org у МЗС Літвы.

«Канфлікт ва Украіне не з'яўляецца ні грамадзянскай вайной, ні бунтам незадаволеных грамадзян. Гэта вайна Расеі супраць Украіны за тое, што апошняя адважылася выбраць іншы - еўрапейскі – шлях», - заявіла на пасяджэнні пастаянная прадстаўніца Літвы ў ААН пасол Раймонда Мурмакайтэ.

Пасол Літвы выказала заклапочанасць тым, што Расея працягвае падтрымліваць сепаратыстаў, што было зафіксавана назіральнікамі Арганізацыі ў бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). АБСЕ паведамляе, што не пазначаныя канвоі грузавікоў, якія перавозяць цяжкае ўзбраенне, амуніцыю і танкі, перасякаюць расейска-ўкраінскую мяжу і рухаюцца ў кірунку кантраляванай сепаратыстамі тэрыторыі.

Пасол Мурмакайтэ заклікала Расею выконваць Менскія дамоўленасці, якія таксама абавязваюць дазваляць назіранне АБСЕ за ўсім памежным сектарам, і падкрэсліла, што мірнае развязанне ўсходне-ўкраінскага крызісу знаходзіцца ў руках Расеі. «У той час як Украіна выконвае дамоўленасць аб спыненні агню, сепаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, карыстаюцца магчымасцю для ўзбраення і захопу новых тэрыторый», - заявіла літоўскі дыпламат.

Пасол Мурмакайтэ таксама звярнула ўвагу Рады Бяспекі ААН на тое, што расейская агрэсія расце і за межамі Украіны. Гэта дэманструюць выкраданні служачага эстонскай выведкі і ўкраінскай лётчыцы, а таксама парушэнні паветранай прасторы над Балтыйскім морам, Партугаліяй, Канадай, Японіяй і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

На пасяджэнні Рады Бяспекі ААН выступалі таксама прадстаўнікі Дэпартамента ААН у палітычных пытаннях, прадстаўнікі місіі назірання АБСЕ і трохбаковай кантактнай групы, якія падкрэслілі неабходнасць захавання палажэнняў Менскіх дамоўленасцяў і імкнення да дээскалацыі крызісу ва Усходняй Украіне. Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да згоды ў тым, што няздольнасць забяспечыць памежны рэжым паміж Расеяй і Украінай з'яўляецца адной з найважнейшых прычын эскалацыі канфлікту.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках