2 траўня 2024, Чацвер, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мясніковіч праваліў план інвестыцыяў

41
Мясніковіч праваліў план інвестыцыяў

Замест $4,5 мільярда ў Беларусь паступілі $15,8 мільёна.

Пра гэта сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі, паведамляе БелаПАН.

За кошт продажу замежным інвестарам пакетаў акцый, якія належаць беларускай дзяржаве, у студзені-верасні 2014 года ў Беларусь паступіла 15,8 млн даляраў. Між тым улады ставілі амбіцыйныя планы ў прыцягненні сродкаў за кошт прыватызацыі. Так, сумесны план дзеянняў урада і Нацбанка, прыняты ў кастрычніку 2013, прадугледжваў «арганізацыю і правядзенне конкурсу ў прыватызацыі аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці стратэгічнымі інвестарамі ў 2014 годзе на суму да 4,5 млрд даляраў ЗША і ўнясенне прапаноў Лукашэнкі па іх выніках».

Меркавалася, што сродкі ад прыватызацыі паступяць у выніку рэалізацыі так званых інтэграцыйных праектаў. Гаворка ідзе пра пяць праектаў, вызначаных Беларуссю і Расеяй у пачатку 2013 года, у рамках якіх планавалася стварыць сумесныя беларуска-расейскія прадпрыемствы і, такім чынам, прыцягнуць расейскі капітал у прамысловы сектар рэспублікі.

Прадугледжвалася, у прыватнасці, стварэнне сумесных прадпрыемстваў з удзелам: Менскага завода колавых цягачоў і арганізацый абаронна-прамысловага комплексу Расеі; беларускага МАЗа і расейскага КамАЗа; арганізацый Раскосмаса і беларускага «Пеленг»; ААТ «Гродна Азот» і расейскага ААТ «МХК» Еўрахім» беларускага ААТ «Інтэграл» і ААТ «Расейская электроніка». Ні адзін з гэтых праектаў не рэалізаваны.

Сёлета ў кастрычніку прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы заявіў: перспектывы супрацоўніцтва могуць быць перагледжаныя ў выпадку адмовы Менска ад прыватызацыі.

«Магу сказаць, што, сапраўды, па некалькіх праектах мы знаходзімся ў кроку ад прыняцця канчатковай пастановы і падпісання. Але пастанову, вядома, павінны прыняць беларускі бок, таму што гэта - пастанова аб прыватызацыі» - падкрэсліў Мядзведзеў, каментуючы перспектывы рэалізацыі пяці праектаў у прамысловай сферы. Са слоў расейскага прэм'ера, прыняць адпаведныя пастановы неабходна да канца 2014 года. «Мы мяркуем, што гэта, безумоўна, у інтарэсах Рэспублікі Беларусь, і калі нашы партнёры хочуць гэта зрабіць, гэта можна будзе зрабіць да канца года», - сказаў Мядзведзеў.

Пры гэтым ён даў зразумець, што тэрміны рэалізацыі вышэйпералічаных праектаў у прамысловай сферы на зыходзе. «У кожнага інавацыйнага і, тым больш, інвестыцыйнага праекта ёсць свой перыяд, цягам якога ён з'яўляецца цікавым», - заўважыў Мядзведзеў.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках