27 красавiка 2024, Субота, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Першы канал» паказаў фотамантаж атакі «МіГ29» на «Боінг» у Данбасе

138

Чарговая «сенсацыя» ад крамлёўскіх прапагандыстаў.

Расейскі «Першы канал» у вячэрняй праграме навін прадэманстраваў фотаздымак, на аснове якога зрабіў выснову, што малайзійскі «Боінг», які пацярпеў катастрофу непадалёк ад горада Грабава Данецкай вобласці 17 ліпеня, быў збіты знішчальнікам «МіГ-29». Аднак у сюжэце ўжо знайшлі шмат неадпаведнасцяў, а ў самім здымку выявілі фэйк, выраблены з дапамогай фотарэдактара, піша NEWSru.com.

Праграма «Вячэрнія навіны», у якой быў паказаны здымак, выйшла ў эфір а 18:00 паводле маскоўскага часу 14 лістапада. Сюжэт быў прадэманстраваны ў выпуску «Аднак» у рамках навіннай перадачы.

Вядучы «Аднак» Міхаіл Лявонцьеў, які таксама з'яўляецца прэс-сакратаром кампаніі «Раснафта», распавёў, што ў жніўні Расейскі саюз інжынераў апублікаваў даклад аб магчымых прычынах катастрофы «Боінга». Гэтым дакладам, як сцвярджаецца ў перадачы, зацікавіўся нейкі авіяцыйны экспэрт з 20-гадовым досведам Джордж Білт, які скончыў Масачусецкі тэхналагічны інстытут (MIT).

Далей у перадачы гаворыцца, што Білт напісаў ліст віцэ-прэзідэнту Расейскага саюза інжынераў Івану Андрыеўскаму. Да гэтага ліста Білт прыклаў фотаздымак. На гэтым здымку, як сцвярджаюць журналісты, якія падрыхтавалі сюжэт, «выразна бачны пуск ракеты з-пад левага крыла знішчальніка сапраўды ў кабіну пілотаў».

У самім лісце Білта гаворыцца, што пасажырскі авіялайнер быў збіты вайсковым самалётам. «Boeing быў збіты рэактыўным знішчальнікам які пераследаваў яго. Спачатку экіпаж абстралялі з гарматы, затым кабіна была атакаваная ракетай «паветра-паветра», затым правы рухавік і правае крыло былі атакаваныя ракетай з цеплавой сістэмай саманавядзення», - нібыта напісаў экспэрт.

Што тычыцца здымка, то, паводле звестак Расейскага саюза інжынераў, ён быў зроблены, магчыма, з амерыканскага ці ангельскага спадарожніка. «Мы бачылі перад сабой касмічны здымак, зроблены з не вельмі высокай арбіты. І звычайна робяцца такія здымкі для агульнай выведкі паветранай і наземнай прасторы», - растлумачыў Андрыеўскі.

«У адпаведнасці з каардынатамі, названымі на здымку, мы можам меркаваць, што здымак зроблены з амерыканскага ці ангельскага спадарожніка. Мы правялі дэталёвы аналіз гэтага здымка і ніякіх прыкмет падробкі не выявілі», - запэўніў віцэ-прэзідэнт Расейскага саюза інжынераў.

Адзначым, што карыстальнікі сацыяльных сетак паспрабавалі праверыць інфармацыю «Першага канала» і наважылі напісаць электронны ліст авіяцыйнаму экспэрту, які нібыта накіраваў у Расейскі саюз інжынераў фотаздымак. Аднак знайсці электронны адрас аказалася няпроста. «Джорджа Білта з MIT не існавала да сённяшняга дня, а яго электронная пошта не працуе», - напісаў у Twitter блогер Арыка Толер, які, паводле звестак The Independent, раней сцвярджаў, што «Боінг» быў збіты сепаратыстамі з ЗРК «Бук».

«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, разбіўся ў Данецкай вобласці 17 ліпеня. На борце лайнера знаходзіліся 298 чалавек, усе яны загінулі. Украінскія ўлады і краіны Захаду ўскладаюць адказнасць за тое, што адбылося, на тэрарыстаў Данбаса. Паводле звестак амерыканскай і нямецкай выведак самалёт збіты ракетай з пастаўленага Расеяй комплексу «Бук».

Фота: Global Look Press

Напісаць каментар 138

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках