3 траўня 2024, Пятніца, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

16 лістапада - Дзень Божай маці Вастрабрамскай

9
16 лістапада - Дзень Божай маці Вастрабрамскай

Вастрабрамскі абраз Божай Маці - адна з самых галоўных хрысціянскіх святынь Літвы і Беларусі.

Яна знаходзіцца на гарадскіх варотах Вільні - Вострай браме - і шануецца як каталікамі, так і праваслаўнымі. З абразом і цудамі, якія яна зрабіла, звязаныя шматлікія паданні і легенды.

Першая пэўная пісьмовая згадка пра абраз Божай маці Вастрабрамскай змяшчаецца ў «Хроніцы кляштара кармелітаў босых у Вільні». Хроніка распавядае аб урачыстым пераносе абраза ў пабудаваную ў 1671 капліцу. Фундатарамі капліцы былі Міхаіл Казімір Пац - вялікі гетман Літоўскі, Крыштафор Пац - вялікі канцлер Літоўскі і Гіляр Палубінскі - маршалак Вялікага княства Літоўскага. Менавіта да гэтага года адносіцца першы цуд, здзейснены з дапамогай абраза - выратаванне жыцця дзіцяці. Другі цуд датуецца 1702 годам.

Падчас гарадскога пажару 1711 драўляная капліца згарэла. Выратаваны абраз быў змешчаны ў кармеліцкі касцёл святой Тэрэзы. У 1713-1715 гадах была пабудаваная новая мураваная капліца, куды з урачыстай працэсіяй і была перанесеная святыня.

Культ Вастрабрамскага абраза Панны Марыі атрымаў больш шырокае развіццё пасля таго, як у канцы першай паловы XVIII стагоддзя галоўнай урачыстасцю ў Вострай Браме стала свята Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі. У капліцы рэгулярна, акрамя каталіцкай імшы, праводзіліся набажэнствы па ўсходнім абрадзе грэка-каталіцкай царквы.

Першай друкаванай крыніцай, у якой згадваўся культ Вастрабрамскага абраза, была кніга ксяндза - езуіта Корсака, выдадзеная ў 1748 годзе.

У 1799-1805 года абаронныя сцены Вільні, пабудаваныя ў XVI ст., былі разабраныя, аднак культ Вастрабрамскага абраза дазволіў захаваць Вострую Браму, якая набыла сучасны выгляд у 1828-1830 гг.

Абраз змешчаны ў капліцу над гарадскімі варотамі ў пачатку XVII стагоддзя. Унізе абраза змешчаная вялікая сярэбраная вота ў выглядзе паўмесяца з выгравіраваным тэкстам на польскай мове: «Падзяку Табе прыношу, Маці Бога, за выслухванні маіх просьбаў, і прашу Цябе, Маці міласэрная, захавай мяне па-ранейшаму, у любові і апецы Тваёй Найсвяцейшай WII 1849 года».

Дазвол на каранацыю абраза быў атрыманы ў 1927 падчас візіту арцыбіскупа віленскага Рамуальда Ялбжыхоўскага ў Рым. Урачысты акт каранацыі паводле дэкрэта папы рымскага Пія XI (які ў 1920 у якасці апостальскага нунцыя служыў святую імшу перад алтаром Вастрабрамскай Божай Маці) быў ажыццёўлены 2 ліпеня 1927 мітрапалітам варшаўскім кардыналам Аляксандрам Какоўскім у прысутнасці ўсяго польскага епіскапату, Юзэфа Пілсудскага і прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага перад кафедральным саборам. Пасля каранацыі ў 1928 вобраз быў змешчаны ў капліцы ў адмысловым металічным кантэйнеры, які засцерагае яго ад пажараў і злодзеяў.

Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы ў Вільні шануецца ўсімі хрысціянамі як заступніца Беларусі і Літвы. Штогод у гэты дзень здзяйсняюцца паломніцтвы ў Вільню на свята Маці Божай Вострабрамскай. Яе абраз ёсць у шматлікіх беларускіх храмах.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках