3 траўня 2024, Пятніца, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар Рыгор Мінянкоў узначаліў Сенат ЕГУ

2
Прафесар Рыгор Мінянкоў узначаліў Сенат ЕГУ

Ягонай намесніцай абраная Альміра Усманава.

Пра гэта паведамляе сайт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

«5 лістапада прафесар-эмерыт Рыгор Мінянкоў і прафесар Альміра Усманава былі абраныя старшынёй і намеснікам старшыні Сената ЕГУ адпаведна. Згодна з палажэннямі абноўленага Статута ЕГУ, у склад Сената ўваходзяць прарэктар у акадэмічных пытаннях, усе сябры прафесарска-выкладчыцкага складу з нагрузкай 0,75 стаўкі і вышэй, а таксама пяць прадстаўнікоў студэнцтва», - гаворыцца ў паведамленні.

У сферу паўнамоцтваў Сената ўваходзіць ацэнка вынікаў навуковых даследаванняў і ўзроўню навуковай і творчай дзейнасці Універсітэта, унутранае забеспячэнне якасці, вызначэнне працэдур прыёму на акадэмічныя праграмы, кваліфікацыйных патрабаванняў для замяшчэння выкладчыцкіх пасад і вакансій акадэмічных супрацоўнікаў, устанаўленне правiлаў прысваення звання прафесара-эмерыта, прапанова кандыдатур для прысваення ганаровых званняў Універсітэта, а таксама падрыхтоўка Кодэкса аб акадэмічнай этыцы і Палажэння аб выкладанні і навучанні для падачы на зацвярджэнне Савету Універсітэта.

Сенат сфармаваў чатыры камітэты са сферамі паўнамоцтваў, адпаведнымі розным абавязкаў Сенату: Камітэт акадэмічных стандартаў і ацэнкі якасці, Вучэбна-метадычны камітэт, Камітэт навукі і развіцця і Камітэт акадэмічнага планавання і працы са студэнтамі.

У склад Сената цяпер уваходзіць 60 сябраў. Інтарэсы студэнтаў прадстаўляюць студэнты, выбраныя на нядаўняй канферэнцыі Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ: Аліна Стралкоўская, Дзяніс Кучынскі, Мікіта Мацюшчанкаў, Марыя Сляпцова і Елісей Граматноў.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю ягонага кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільні ў статусе беларускага універсітэта ў выгнанні. У ВНУ навучаюцца блізу 1500 студэнтаў, пераважна з Беларусі.

Больш за год таму паміж адміністрацыяй і сенатам ЕГУ паўстаў канфлікт, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу. Група выкладчыкаў, якая выступае супраць палітыкі адміністрацыі, заснавала платформу «За новы ЕГУ». Большасць з іх сёлета 1 кастрычніка пазбавіліся працы - з імі не падоўжылі працоўныя кантракты.

30 верасня пасаду рэктара пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў, які заснаваў ЕГУ і кіраваў ВНУ з моманту ягонага стварэння. Цяпер Міхайлаў займае новую пасаду - прэзідэнта ўніверсітэта.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках