4 траўня 2024, Субота, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Рутэнка аднаўляецца пасля траўмы

Сяргей Рутэнка аднаўляецца пасля траўмы

Беларускі легіянер гішпанскага гандбольнага клуба «Барселона» прадаўжае аднаўляцца пасля траўмы нагі.

Сяргей Рутэнка атрымаў яе ў канцы кастрычніка на трэніроўцы. Праз траўму спартовец не браў удзелу ў стартавых матчах зборнай Беларусі ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2016 супраць Босніі і Герцагавіны (25:25) і Літвы (30:28), піша БелаПАН.

15 лістапада ў пятым туры групавога этапу Лігі чэмпіёнаў «Барселона» выйграла ў гасцях у нямецкага «Фленсбурга-Хандэвіта» - 37:33, узяўшы своеасаблівы рэванш за паразу ў паўфінале папярэдняга розыгрышу. Рутэнка выйшаў на пляцоўку толькі адзін раз, каб выканаць сяміметровы штрафны кідок, але не здолеў перайграць брамніка.

Пасля гэтай перамогі «Барселона» з 9 баламі ўзначаліла табліцу групы В. Столькі ж балаў у дацкага «Колдзінга-Капенгагена», аднак у «Барселоны» лепшая розніца мячоў.

«Цяпер я аднаўляюся пасля траўмы - адзначыў гандбаліст. - Першапачаткова гаворка ішла пра тое, што лячэнне зацягнецца на месяц. Прайшло толькі тры тыдні. Думаю, трэнер глядзеў па сітуацыі. Каманда гуляла вельмі добра, таму ён, мабыць, пастанавіў мяне не загружаць, таму што ў такія моманты вельмі лёгка атрымаць другую траўму. Аб пенальці мы размаўлялі, і выхад не быў для мяне нечаканым. На жаль, не змог рэалізаваць».

Рутэнка не думае, што «Барселона» ў Флэнсбурге ўзяла рэванш: «Перад гульнёй мяне запыталі з нагоды рэваншу, але я адказаў: калі мы выйграем, што ад гэтага зменіцца? Безумоўна, хацелася выйграць, аднак я б не ўважаў гэта за рэванш. Нам трэба было ўзяць важныя балы. Мы хочам заняць у групе першае месца».

Сяргей Рутэнка мае негатыўны імідж у Нямеччыне. Ягонае з'яўленне на пляцоўцы на прэзентацыі каманд перад матчам з «Флэнсбург» было сустрэта аглушальным свістам шасцітысячнай «Флэнс-Арэны».

Напярэдадні сустрэчы спартовец заявіў гішпанскай прэсе, што гатовы да свісту, і звязаў гэта з тым, што вельмі часта абыгрываў нямецкія клубы.

«Калі свішчуць, хай свішчуць. Я ўжо на гэта не звяртаю ўвагі - сказаў Рутэнка пасля заканчэння сустрэчы. - Мне цікава, пра што яны думаюць, калі свішчуць. Наадварот, яшчэ больш з'яўляецца жадання і сіл. Свішчуць - дзякуй ім».

23 лістапада «Барселона» і «Фленсбург-Хандэвіт» сустрэнуцца зноў у першым матчы другога кола. Матч пройдзе ў Гішпаніі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках