28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ангела Мэркель: Дзеянні РФ пагражаюць Грузіі, Малдове і балканскім краінам

40
Ангела Мэркель: Дзеянні РФ пагражаюць Грузіі, Малдове і балканскім краінам

Украінскі крызіс выходзіць за рамкі рэгіянальнай з'явы.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла пра рызыкі для еўрапейскіх краін, звязаныя з агрэсіяй Крамля ў дачыненні да Украіны. Такое меркаванне яна выказала падчас візіту ў Інстытут міжнароднай палітыкі Лоуі ў Сіднэі 17 лістапада, паведамляе Deutsche Welle.

Нагадаўшы аб збітым тэрарыстамі малайзійскім лайнеры, Мэркель падкрэсліла, што ўкраінскі крызіс выходзіць за рамкі рэгіянальнай з'явы: «На гэтым прыкладзе мы бачым, што ён тычыцца нас усіх». Кіраўніца ўрада паказала таксама ў сувязі з палітыкай Крамля на асаблівыя рызыкі для Малдовы, Грузіі, Сербіі і іншых балканскіх краін.

Мэркель падкрэсліла, што Расея па-ранейшаму ўспрымае Украіну як сваю сферу ўплыву і груба парушае міжнароднае права. Са слоў Мэркель, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін адмаўляецца ад развязання ўкраінскага канфлікту, пры якім паважалася б кропка гледжання ўсіх бакоў і выкарыстоўваліся б дэмакратычныя і прававыя сродкі. Яна мяркуе, што Пуцін робіць стаўку на закон сілы, грэбуючы сілай закона. Са слоў Мэркель, гэтая палітыка пачалася з анэксіі Крыма і цяпер працягваецца ва ўплыве Масквы на падзеі на ўсходзе Украіны.

«Пасля двух сусветных войнаў і халоднай вайны гэта (дзеянні Крамля) ставіць пад пытанне еўрапейскі светапарадак», - заявіла канцлерка. Мэркель падкрэсліла, што не хоча адраджэння гэдээраўскіх часоў, калі нічога не адбывалася без адабрэння Масквы. Са слоў канцлеркі, гэта супярэчыць заходнім каштоўнасцям.

Мэркель таксама заклікала Еўразвяз і ЗША прытрымлівацца адзінай лініі ў дачыненнях з Расеяй. Як падкрэсліла кіраўніца ўрада Нямеччыны, Еўразвяз не пакіне спробы знайсці дыпламатычнае развязанне ўкраінскага канфлікту разам з РФ. Адначасова ЕЗ не збіраецца, з яе слоў, адмаўляцца і ад рэжыму санкцый, пакуль у іх будзе неабходнасць. Пры гэтым канцлерка прызнала, што пры ўвядзенні эканамічных санкцый неабходна ўлічваць іх негатыўны ўплыў на ўласную эканоміку.

Мэркель папярэдзіла, што не чакае хуткага развязання канфлікту з Расеяй, і заклікала праявіць цярпенне дзеля дасягнення пэўнага палітычнага эфекту. Магчымасць урэгулявання ўкраінскага крызісу ваенным шляхам канцлерка ФРГ выключыла.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках