19 траўня 2024, Нядзеля, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталічных «іпэшнікаў» хочуць задушыць падаткамі?

9
Сталічных «іпэшнікаў» хочуць задушыць падаткамі?

Чаму ўлады спрабуюць залезці ў кішэню прадпрымальнікаў?

Улады беларускай сталіцы плануюць павялічыць адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў. Згодна з праектам пастановы Мінгарсавета, у 2015 годзе плануецца павялічыць стаўкі падатку для ІП адразу на 25%, піша «Заўтра тваёй краіны».

Ці разбагацее гарадская казна?

Уладзімір Карагін: ідзе масавае спусташэнне прадпрымальнікаў

- Улады хочуць атрымаць даходы, а сёння ідзе масавае спусташэнне прадпрымальнікаў: на сталічных рынках - усюды пустыя месцы, - адзначае старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. - Выдаткі бізнэсу павялічыліся. Выраслі камунальныя плацяжы, электраэнэргія, паліва. У саміх прадпрымальнікаў сёння больш сродкаў сыходзіць на арэнду, на ўтрыманне бізнэсу

Лідэр прадпрымальнікаў звяртае ўвагу, што многія прадпрыемствы горада цяпер з'яўляюцца стратнымі, больш за палову з іх не маюць прыбытку. Натуральна, звалілася пакупніцкая здольнасць менчукоў.

- Гэта адбіваецца на кішэні простых жыхароў і, такім чынам, на прадпрымальніках, якія працуюць у сферы гандлю і паслуг, - падкрэслівае Уладзімір Карагін.

З ягоных слоў, перш чым прымаць канчатковую пастанову аб павышэнні падатку для ІП, гарадскія ўлады павінны пралічыць мэтазгоднасць, эканамічную выгаду параіцца з бізнэс-асацыяцыямі.

Як адзначае Уладзімір Карагін, улады сталіцы не кансультаваліся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасці, а гэта з'яўляецца парушэннем прэзідэнцкай Дырэктывы №4.

- Гэта з серыі непрадуманых пастаноў. Пакуль яна яшчэ ў стадыі праекта, мы будзем рыхтаваць свой дакумент. Іншыя бізнэс-саюзы, асацыяцыі, індывідуальныя прадпрымальнікі павінны не спаць у шапку, а даць эканамічныя абгрунтаванні немэтазгоднасці такога павышэння падатку, - заклікае кіраўнік Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Ён спадзяецца, што такім чынам атрымаецца пераканаць сталічныя ўлады.

- Наогул, у гарадскім кіраўніцтве шмат разумных людзей, таму думаю, што значнага павышэння падатку не будзе, - прагназуе Уладзімір Карагін.

Анатоль Шумчанка: з ІП зручна здымаць грошы

Старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка заклікае ўлады выконваць фінансавую дысцыпліну.

- На наступны год урад прагназуе інфляцыю ў 12%, а нам закладвае падаткі ў 25%. Мы ж падымем кошты, якія павялічаць інфляцыю, - адзначае лідэр прадпрымальнікаў.

З яго слоў, падымаць кошты няма куды, людзі і так ужо нічога не купляюць у той колькасці, каб пакрыць выдаткі «іпэшнікаў».

Анатоль Шумчанка звяртае ўвагу, што ўлады штогод змяняюць стаўкі падаткаў з мэтай згладзіць наступствы інфляцыі.

- З гэтых ставак можна глядзець, якія паказчыкі інфляцыі яны трымаюць на наступны год. Цяпер яны хочуць падняць стаўку падатку на 25%. Летась планавалі павысіць на 40%, а ў выніку спыніліся на 17%. Яны гэта робяць, каб не выпусціць сваю выгаду. А прадпрымальнікам гэта балюча, асабліва калі падае пакупніцкая здольнасць, - адзначае эксперт.

Ён мяркуе, што індывідуальныя прадпрымальнікі не выпадкова трапілі пад жорсткі падатковы прэсінг уладаў.

- Індывідуальныя прадпрымальнікі заўсёды плацяць наперад, з нас зручна здымаць грошы. Мы заўсёды на відавоку і намі зручна кіраваць з пункту гледжання падатковага права. Мы за гэтыя гады сталі настолькі выканаўчымі, што ўладам прасцей за ўсё мець справу менавіта з намі: падняць падаткі, павялічыць арэнду, - падкрэслівае кіраўнік «Перспектывы».

Анатоль Шумчанка адзначае, што ўлады неэфектыўна кіруюць эканомікай краіны.

- Усё гэта тычыцца не толькі ІП. Кошты нафты падаюць, а бензін ў Беларусі даражэе. Эканоміка працуе дрэнна, таму ўрад вымушаны такім чынам затыкаць дзіркі ў бюджэце, - падкрэслівае Анатоль Шумчанка.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках