19 траўня 2024, Нядзеля, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канец расейскай схемы

17
Канец расейскай схемы

Для Украіны спыніць выплаты зусім не азначае прызнаць незалежнасць прыдуманых расейскімі чэкістамі «народных рэспублік».

Спыненне выплат - гэта прызнанне акупацыі частцы тэрыторыі Украіны расейскімі войскамі і іх наймітамі, піша Віталь Портнікаў на партале «Кантракты».

Пастанова ўкраінскага кіраўніцтва аб спыненні выплат на акупаваных тэрыторыях неадназначна ўспрынятая не толькі кіраўніцтвам Расеі і яе марыянеткамі на Данбасе, але і цалкам лаяльнымі да Кіева палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Калі паспрабаваць сцісла падсумаваць гэтую рэакцыю, то можна знайсці яе, як ні дзіўна, у заяве прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які нагадаў, што яго краіна нават у самых няпростых перыядах узаемаадносін з Чачэніяй працягвала плаціць непакорлівай рэспубліцы. А Украіна, маўляў, сама адразае сябе ад Данбаса...

Але ў гэтых сітуацыях ёсць вельмі вялікія адрозненні. І першае з іх - гэта тое, што Чачэнія не была акупаванай тэрыторыяй. Кіраўніцтва гэтай рэспублікі аб'явіла аб сваёй незалежнасці ад Расейскай Федэрацыі без якога-небудзь відавочнага вонкавага ўздзеяння, на тэрыторыі Чачэніі не было чужых войскаў, затое была канкурэнцыя двух урадаў - ічкерыйскага і прамаскоўскага, зацверджанага толькі пасля знішчэння расейскай авіяцыяй Грознага і рэпрэсіямі супраць велізарнай колькасці прыхільнікаў незалежнасці. У гэтай сітуацыі заявіць аб спыненні выплат для Масквы азначала пагадзіцца з незалежнасцю Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Да таго ж Пуцін прызнае, што выплаты «раскрадаліся» - што на самой справе азначае, што грошы для рэспублікі сталі часткай чарговай карупцыйнай схемы і ўзбагачалі верхавіны абедзвюх ваюючых бакоў.

Для Украіны спыніць выплаты зусім не азначае прызнаць незалежнасць прыдуманых расейскімі чэкістамі «народных рэспублік». Спыненне выплат - гэта прызнанне акупацыі частцы тэрыторыі Украіны расейскімі войскамі і іх наймітамі. І на самой справе тое, што выплаты да гэтага часу працягваліся - пры поўнай адсутнасці ўкраінскай улады і інфраструктуры на акупаваных тэрыторыях - было ігнараваннем гэтай акупацыі.

Украіна - не першая краіна, якая вымушаная жыць побач з акупаванай тэрыторыяй. Малдаўскае Прыднястроўе, аддзеленае Масквой ад асноўнай тэрыторыі рэспублікі ў пачатку 90-х, не толькі пагадзілася са спыненнем выплат, але і ўвяло ўласную валюту, стварыла сваю фінансавую сістэму, выплачвае пенсіі і зарплаты бюджэтнікам - але, вышэйшыя, чым у самой Малдове. Але адбываецца ўсё гэта за кошт датацый з бюджэту Расейскай Федэрацыі - прычым Расея не толькі наўпрост субсідуе акупаваную тэрыторыю, але і не бярэ ў яе плату за газ, які пастаўляецца ў Беларусь.

У выпадку з Данбасам Расея хацела, каб усё было інакш - хоць бы таму, што колькасць людзей, якія апынуліся ў акупаванай зоне, у разы перавышае колькасць насельніцтва таго ж Прыднястроўя і іншых чужых тэрыторый, якія субсідуюцца Масквой. Схема была простая: акупацыю павінен субсідаваць акупаваны, а расейскія марыянеткі працягнуць называць сябе «ўладай» і патрабаваць «пачуць Данбас». Тое, што адбылося, як раз і азначае: Данбас пачуты. У Кіеве ўжо няма сумневаў, што тэрыторыя часткі Данецкай і Луганскай абласцей акупаваная. А за акупаваную тэрыторыю адказвае акупант.

Тым, хто мяркуе, што ў адказ ДНР і ЛНР пачнуць вайну супраць Украіны, варта нагадаць, што ніякіх ДНР і ЛНР няма і ў паміне. Вайну супраць Украіны можа пачаць толькі з'ехаўшае са шпулек кіраўніцтва Расеі. Але пры гэтым Пуцін будзе дакладна разумець - тое, што ён акупуе, ён павінен будзе карміць. А грошай на гэта ў бюджэце Расейскай Федэрацыі няма. І цяпер ужо не будзе.

Тым, хто мяркуе, што пастанова ўкраінскага ўрада выракае рэгіён на гуманітарную катастрофу, можна адказаць проста і зразумела: у кіраўніцтва краіны-акупанта ёсць усе магчымасці, каб гэтую катастрофу прадухіліць. Для гэтага трэба ўсяго толькі вывесці свае войскі з тэрыторыі Данбаса. Калі ж Расея сапраўды заклапочаная будучыняй яго насельніцтва, перад вывыдам сваіх войскаў яна можа паставіць ім баявую задачу - «зачысціць» рэгіён ад тэрарыстаў, каб не ператвараць Данбас у зону баявых дзеянняў пасля аднаўлення там канстытуцыйнага парадку. Балазе,досвед чачэнскіх «зачыстак» у расейскіх спецслужбаў маецца, а спіс патэнцыйных кандыдатаў можна знайсці ў любой газеце з прозвішчамі «парламентарыяў» ДНР і ЛНР. Але калі не хочацца зачышчаць, можна проста вывезці з сем'ямі - як Стралкова або Бараду. І хай сабе будуюць «рускі свет» на Марасейцы, у Арле або Надыме - Расея вялікая, месца хопіць усім.

Тады пытанне выплат на Данбасе развяжацца само сабой. Без вайны, без гуманітарнай катастрофы, без «рускага свету». Для гэтага патрэбна толькі палітычная воля кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі - і нічога больш.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках