Украіна прапануе Расеі перамовы на "нейтральнай" тэрыторыі
25- 18.11.2014, 16:17
- 29,932
Кіеў запрашае Маскву да перамоваў у дээскалацыі сітуацыі на Усходзе краіны на нейтральнай тэрыторыі.
Пра гэта заявіў прэм'ер Украіны Арсеній Яцэнюк у аўторак на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Нарвегіі Эрнай Солберг, паведамляе "Інтэрфакс-Украіна".
"Мы запрашаем Расейскую Федэрацыю для правядзення сур'ёзных перамоваў на нейтральнай тэрыторыі", - заявіў Яцэнюк.
"У гэтым нам дапамагаюць ЗША і краіны ЕЗ", - дадаў ён.
Яцэнюк падкрэсліў, што Расея працягвае эскалацыю канфлікту на Данбасе і нарошчвае прысутнасць сваіх войскаў на гэтых тэрыторыях. Ён мяркуе, што прагрэс у дээскалацыі канфлікту цалкам залежыць ад пазіцыі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і яго атачэння.
"Усё залежыць ад расейскага прэзідэнта ў першую чаргу, і ад яго асяроддзя. І калі ён захоча, і ў яго будзе дастаткова палітычнай волі, каб спыніць гэтую вайну супраць Украіны, выконваць міжнароднае заканадаўства, мы гатовыя працягваць нашы перамовы", - сказаў Яцэнюк.
Як вядома, кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў у аўторак заявіў, што не бачыць неабходнасці склікаць міжнародную канферэнцыю што да Украіны, паколькі існуе менскі фармат.