Суд над Мушарафам: экс-прэзідэнт здае змоўшчыкаў
2- 21.11.2014, 14:16
- 4,830
Cуд паводле справы былога прэзідэнта Пакістана прызнаў справядлівымі довады падсуднага пра тое, што судзіць павінны не яго аднаго.
Первеза Мушарафа абвінавачваюць у тым, што ў 2007 годзе ён прыпыніў дзеянне канстытуцыі, заключыў пад варту суддзяў Вярхоўнага суда і ўвёў у краіне надзвычайнае становішча. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне, паведамляе BBC.
Генерал заяўляе аб сваёй невінаватасці і разглядае справу як палітычна матываваную.
Суддзя даручыў ураду дапоўніць крымінальную справу імёнамі прэм'ер-міністра, міністра юстыцыі і вярхоўнага суддзі, якія займалі гэтыя пасады ў 2007 годзе.
Аналітыкі мяркуюць, што пашырэннем спісу падазраваных генерал Мушараф, магчыма, спрабуе павысіць свае шанцы на апраўдальны прысуд.
Первез Мушараф, генерал пакістанскага войска, які захапіў уладу ў краіне ў 1999 годзе ў выніку бяскроўнага перавароту. У 2008-м ён сышоў з прэзідэнцкай пасады, саступіўшы яе абранаму на выбарах таго года Асіфу Алі Зардары. Пасля гэтага ён на некалькі гадоў пакінуў краіну і жыў у Лондане.
У ліпені 2007 года ён загадаў штурмаваць сталічную мячэць, дзе забарыкадаваліся радыкалы. Пасля гэтага Пакістан перажыў беспрэцэдэнтны разгул тэрарызму. Адзін з тэрактаў прывёў да смерці вядомага палітыка Беназір Бхута ў Равалпіндзі, у чым некаторыя апазіцыянеры абвінавачвалі Мушарафа.