Нямцоў: У галаве Пуціна засела паранаідальная думка
8- 24.11.2014, 12:41
- 55,712
Пуцін мяркуе, што прычынай рэвалюцыі з'яўляюцца не памылкі ўлады, а спецслужбы ЗША.
Пра гэта ў эфіры тэлеканала «112 Украіна» заявіў расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў.
«У Пуціна існуе паранаідальная думка ў галаве аб тым, што ўсе рэвалюцыі арганізаваныя ў Дзярждэпе і ЦРУ. Думка пра тое, што прычынай рэвалюцыі з'яўляюцца жулікі і злодзеі, што абселі ўладу, хлусы і нягоднікі, якія падманваюць бясконца народ, - гэтая думка яму ў галаву прыйсці не можа», - заявіў ён.
Нямцоў мяркуе, што прычынай украінскай рэвалюцыі «стаў Януковіч»: «Не Дзярждэп і ЦРУ, а Януковіч, які 2 гады хлусіў украінскаму народу, што ён падтрымлівае еўраінтэграцыю, а потым узяў і ўсіх падмануў і не захацеў падпісваць пагадненне аб асацыяцыі, і таму народ тады і выйшаў, мірна і спакойна», - удакладняе расейскі палітык.
Расейскі апазіцыянер таксама адзначыў, што ўладам РФ зручней «абалваньваць рускі народ і расказваць яму, што ўсе, хто стаяў на Майдане, яны набытыя Дзярждэпам».
Са слоў Нямцова, прызначэнне датэрміновых выбараў і адстаўка ўрада Азарава маглі б дапамагчы пазбегнуць і Нябеснай сотні, і наступнай вайне.
«Аб'ектыўна, па-сумленнаму аналізаваць тое, што адбылося і ва Украіне, і дагэтуль у Грузіі, ён (Пуцін) не хоча. Ён хоча помсціць вам за тое, што вы зрынулі свайго жуліка. А жуліка, дарэчы, ён прыгрэў. Жуліка ён вам аддаваць не хоча, таму што бачыць у ім блізкую, родную кроў», - рэзюмаваў Нямцоў.