Маразы ў Беларусі бліжэйшымі днямі ўзмоцняцца
1- 24.11.2014, 12:42
- 16,083
У другой палове тыдня начныя маразы памацнеюць.
Пра гэта паведаміў БелТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.
«У апошні тыдзень лістапада на тэрыторыі Беларусі будзе зімовы характар надвор'я», - адзначыў Дзмітрый Рабаў. У другой палове тыдня начныя маразы стануць мацнейшымі, а сярэднядзённая тэмпература будзе ў асноўным на 3-7 градусы ніжэйшая за кліматычную норму. Пры гэтым у большасці раёнаў захаваецца сухое і ціхае надвор'е, толькі ў заходніх і паўночна-заходніх раёнах краіны, дзе адаб'ецца ўплыў атмасферных франтоў з Заходняй Еўропы, магчымыя ападкі.
У аўторак, 25 лістапада, прагназуецца пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём па захадзе рэспублікі чакаюцца снег і мокры снег. Ноччу і раніцай месцамі з'явіцца слабы туман і галалёд. У заходніх і цэнтральных раёнах на некаторых участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2-8 градусаў, па ўсходзе чакаецца 9-11 са знакам мінус, днём чакаецца ад 4 марозу да 1 градуса са знакам плюс.
У сераду ў некаторых раёнах прагназуецца невялікі мокры снег. На дарогах месцамі чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2-9 градусаў, на ўсходзе - ад 10 да 12 градусаў марозу, днём прагназуецца ад 0 да мінус 7.
У чацвер будзе пераважна без ападкаў, на дарогах месцамі - галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 4-11 градусаў, пры праясненнях - да 13 градусаў марозу. Днём будзе мінус 1-8 градусаў.
У пятніцу і суботу ападкаў па-ранейшаму не прагназуецца, захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе міну 6-13 градусаў, пры праясненнях будзе да 15 градусаў марозу, днём - ад 2 да 9 градусаў ніжэй за нуль.
У нядзелю чакаецца пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым захадзе магчымы кароткачасовы снег, захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 6-13 градусаў, пры праясненнях - да 15 градусаў марозу, удзень чакаецца ад 2 да 9 градусаў са знакам мінус. Крыху цяплей будзе на паўднёвым захадзе краіны, дзе ноччу чакаецца мінус 3-5 градусаў, у дзённыя гадзіны - блізу нуля.