Сепаратысты налічылі 100,1% прагаласаваўшых на «выбарах» у Данбасе
9- 3.11.2014, 9:07
- 16,572
Тэрарысты ў Данецку абвясцілі ўвечары 2 лістапада «вынікі экзіт-полу» на «выбарах парламента і кіраўніка» ДНР.
Паводле іх звестак, за трох кандыдатаў на пасаду «кіраўніка» прагаласавалі разам 100,1 адсотак удзельнікаў «выбараў».
У прыватнасці, адзін з галоўных важакоў ДНР Аляксандр Захарчанка, які называе сябе «прэм'ер-міністрам» групоўкі, «набірае 81,37 адсотка галасоў»; яшчэ два кандыдаты - 9,73 адсотка і 9 адсоткаў роўна, паведамляе «Радио Свобода».
У «парламент», паводле гэтых звестках, на першым месцы праходзіць «партыя» пад назвай «Данецкая рэспубліка», якую ўзначальвае намеснік Захарчанкі Андрэй Пургін, астатнія галасы набірае другая з толькі двух удзельнікаў «выбараў» - «партыя» з назвай «Свабодны Данбас».
Падобныя супрацьзаконныя «выбары», якія, як і данецкія, супярэчаць «менскім дамоўленасцям», праводзілі і акупанты з групоўкі ЛНР.
«На выбарах кіраўніка ЛНР перамагае дзейны лідар самаабвешчанай рэспублікі Ігар Платніцкі, ён набірае 63,17%. На выбарах у парламент самаабвешчанай ЛНР перамагае рух «Мір Луганшчыне» з 69,18% галасоў, на другім месцы «Луганскі эканамічны саюз» з 24, 07%, «Народны саюз» - 4,96%», - гаворыцца ў паведамленні ТАСС.
Нагадаем, баевікі заваблівалі жыхароў Данбаса на ўчасткі таннымі прадуктамі.
А Служба бяспекі Украіны перахапіла размову кіраўнікоў ДНР з куратарамі датычную падліку яўкі выбаршчыкаў і вынікаў галасавання. Украінская дзяржава і сусветная супольнасць не прызнаюць правядзенне фэйкавых «выбараў».