Марсіо Азэведа: «БАТЭ сканцэнтруецца на контратаках»
- 3.11.2014, 12:17
- 3,793
Абаронца «Шахцёра» распавёў аб падрыхтоўцы да паядынку з БАТЭ.
Пра гэта ён распавёў прэс-службе «Шахцёра».
- Марсіо, ці аднавілася псіхалагічна каманда пасля матчу з «Металургам»?
- Думаю, так. Мы разумеем, што здзейснілі памылкі, якія ў наступным паядынку нельга дапускаць.
- Дык у чым прычына паразы?
- Яны проста апынуліся мацнейшымі за нас у мінулай гульні. Гэта футбол. Значыць, мы нешта ўпусцілі, не да канца падрыхтаваліся. Цяпер самае галоўнае - сканцэнтравацца на наступных матчах.
- У першым паядынку супраць БАТЭ «Шахцёр» перамог з разгромным лікам. Не будзе расслабленасці ў сераду?
- Мы абавязаныя заўсёды выходзіць і перамагаць. Кожны матч павінен завяршацца перамогай на нашу карысць. У апошнім паядынку нам гэтага зрабіць не ўдалося. Спадзяюся, што супраць БАТЭ і ў наступных матчах чэмпіянату Украіны мы сябе праявім лепш.
- У чвэрцьфінале Кубка Украіны «Шахцёр» пазмагаецца з блізкім табе клубам, «Металіст». Ці задаволены ты жэрабем? Ці, можа быць, хацеў нейкую іншую каманду ў апаненты?
- Для «Шахцёра» будзе карысна згуляць з такім апанентам. «Металіст» - вельмі добрая, моцная і кваліфікаваная каманда. Матчы з ім будуць на 100 адсоткаў цікавымі!
- Мяркуеш, да кубкавай сустрэчы харкаўчане набяруць былую форму?
- У іх трохі змяніўся склад. Паглядзім, як пачаткоўцы праявяць сябе. З прыходам новых гульцоў у каманды заўсёды з'яўляюцца новыя фішкі.
- Вернемся да супрацьстаяння з БАТЭ. Беларусы будуць дзейнічаць гэтак жа, як і ў першай гульні? Ці гэта будзе зусім іншая каманда, суперматываваная?
- У Львове яны цалкам сканцэнтруюцца на контратаках. Напэўна, у першым матчы нашы апаненты трохі расслабіліся, думалі, што дома ім будзе лягчэй. Цяпер іх чакае гульня на выездзе. Мы рыхтуемся да гэтага паядынку так жа добра, як і яны, таму што ў футболе могуць быць усялякія непрадбачаныя сітуацыі.
Нагадаем, матч на «Арэне Львоў» каманды згуляюць 5 лістапада.
Фота: Reuters