Брытанскія баксёры разыграюць права на бой з Уладзімірам Клічко
- 3.11.2014, 21:17
- 6,343
Два брытанскіх баксёры разыграюць права на бой з Уладзімірам Клічко.
Сусветная баксёрская арганізацыя (WBO) прыняла рашэнне, што пераможца паядынку паміж брытанцамі Дэрэкам Чысорай і Тайсанам Ф’юры атрымае права на бой з украінскім цяжкавагавіком Уладзімірам Клічко. Пра гэта паведамляе партал klitschko-brothers.com.
Чысора і Ф’юры будуць змагацца 29 лістапада ў Лондане. Пераможца бою стане абавязковым прэтэндэнтам на паядынак з Клічко, якому неабходна правесці абарону чэмпіёнскага пояса паводле версіі WBO.
У 2011 годзе брытанцы ўжо біліся за права бою з украінскім баксёрам. Тады Тайсан перамог Дэрэка ў ачках, але ад перспектывы паядынку з Уладзімірам адмовіўся. Чысора павінен быў пазмагацца з чэмпіёнам у 2010 годзе, аднак бой быў скасаваны з прычыны траўмы Клічко.
Сам украінец 15 лістапада будзе абараняць тытул паводле версіі Міжнароднай баксёрскай федэрацыі (IBF) у паядынку з балгарынам Кубратам Пулевым. Затым Клічко-малодшы плануе правесці аб'яднаўчы бой за чэмпіёнскі тытул паводле версіі Сусветнага баксёрскага савета (WBC), заваёва якога дазволіць яму стаць абсалютным чэмпіёнам свету ў боксе. Таксама ўкраінскаму спартсмену неабходна абараніць пояс Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBA), таму бой з адным з брытанскіх прэтэндэнтаў наўрад ці адбудзецца ў бліжэйшы час.
Фота: Jon Super/AP