28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыёмныя маці, у якіх чыноўнікі адабралі дзяцей, правялі прэс-канферэнцыю

3
Прыёмныя маці, у якіх чыноўнікі адабралі дзяцей, правялі прэс-канферэнцыю

У Менску адбылася прэс-канферэнцыя Ірыны Моцнай і Надзеі Дударэнкі - двух прыёмных маці, у якіх мясцовыя ўлады са скандалам адабралі прыёмных дзяцей.

Гісторыя Надзеі Дударэнкі з Парыч Светлагорскага раёна (Гомельская вобл) доўжыцца ўжо два гады. Мясцовыя ўлады абвінавацілі яе ў непрыстасаванасці жылля для таго, каб у ім жылі прыёмныя дзеці: нібыта ім не хапала пісьмовых сталоў, а падстаўка для зубных шчотак знаходзілася занадта высока. Сама Дударэнка кажа, што гэта помста чыноўнікаў за яе грамадскую актыўнасць пры спробе абараніць дзяцей ад настаўніцы, што біла іх у школе, піша «Наша Ніва».

У Ірыны Моцнай з Клімавіч (Магілёўская вобл) летам гэтага года адабралі семярых дзяцей. Яе сям'я ўважалася адной з лепшых у Клімавіцкім раёне. Аднак у чэрвені муж Ірыны нечакана скончыў жыццё самагубствам, і чыноўнікі, спасылаючыся на нібыта «нездаровую атмасферу» ў сям'і пастанавілі зачыніць дзіцячы дом сямейнага тыпу і адабралі дзяцей. Сама Ірына ўпэўненая, што гэта здарылася пасля яе патрабавання прывесці ў парадак будынак, што вылучаўся Моцным для дзіцячага дома. Праз скаргі Ірыны тады былі пакараныя многія чыноўнікі, а старшыню Клімавіцкага райвыканкама Віталя Грышанава знялі з пасады.

Цяпер на Ірыну Моцную завялі крымінальную справу паводле некалькіх артыкулаў: ёй інкрымінуюць збіццё дзяцей. Аднак сама Ірына называе ўсё гэта непрыхаванай карупцыяй:

«Цяпер ідзе следства паводле крымінальнай справы супраць мяне. Я сама дала падпіску пра неразгалошванне таямніцы следзтва. Адначасова з гэтым я сужуся з Клімавіцкім гарвыканкамам. На папярэднім пасяджэнні суда мая адвакатка папрасіла прадстаўніцу выканкама Святлану Бузо пералічыць парушэнні, па якім мяне пазбавілі апекі над дзецьмі. Бузо сказала, маўляў, усё ёсць у дакументах следства. Мая адвакатка сказала, што вельмі добра знаёмая з матэрыяламі следства і там няма фактаў гэтых парушэнняў. Тады Бузо папросту адмовілася адказваць на гэтае пытанне.

Але самае цікавае адбылося на наступным пасяджэнні, літаральна тры дні таму. У часе судовых спрэчак Бузо пачала зачытваць матэрыялы следства. Тыя самыя, якія я абавязалася не выдаваць пад падпіску. Гэта адбылося на адкрытым працэсе, у зале былі староннія людзі... То бок, сам Следчы камітэт выдае гэтыя матэрыялы. Але калі суддзя хацела далучыць гэтыя паперы да матэрыялаў судовай справы, Бузо адмовілася. Відаць, зразумела, што нарабіла», - такі прыклад прывяла Моцная у пацверджанне сваёй пазіцыі.

Юрыст Алена Кашына, якая займаецца такімі справамі, пацвердзіла, што выпадкаў, калі ўлады пачынаюць ціснуць на апекуноў за тое, што тыя абараняюць свае правы і правы прыёмных дзяцей, па ўсёй Беларусі вельмі шмат:

«У гісторыі Ірыны, Надзеі і ў іншых выпадках працуе адна і тая ж схема: іх здымаюць з пасады апекуна без законных падстаў. Звярніце ўвагу: у Ірыны была шчаслівая сям'я, яна прадэманстравала нам стос грамат і падзяк. Але заява ў дачыненні да сям'і Моцных паступіла 8 ліпеня, а 12 ліпеня райвыканкамам ўжо прыняў пастанову адабраць дзяцей. Ні ў каго так хутка дзяцей не забіраюць. Гэта значыць пастанова прынятая без усякага разбору.

Я азнаёмілася з гэтай пастановай. У самой пастанове прыведзены адзін з артыкулаў Кодэкса аб шлюбе і сям'і, а спасылаюцца яны на іншы. Пастанова складзена нядбайна, магчыма яна і прынятая нядбайна?

Больш за тое, на сённяшні дзень праверка ў справе Ірыны Моцнай не завершаная, аднак дзяцей паводле пастановы райвыканкама ў яе ўжо адабралі. Вядома, калі б спачатку была праверка, а на яе падставе - пастанова, я б нават з ім пагадзілася б, вывучыўшы ўсе дакументы. Але ў справе Моцнай парадак парушаны. У гэтым выпадку любая праверка будзе абгрунтоўваць пастановы выканкама».

Кашына звярнула ўвагу, што праверкі прыёмных сем'яў праводзяцца раптоўна, а акты праверак не паказваюць апекунам - гэта пазіцыя Міністэрства адукацыі.

«Аднак такім чынам у акце можна напісаць што заўгодна. І менавіта на такіх актах грунтуюцца ўсе пастановы выканкамаў аб тым, каб адабраць дзяцей. Пакуль на такім акце няма подпісу асобы, якую правяраюць, альбо адмовы ад подпісу, такі акт нельга ўважаць законным. Мы доўга спрабавалі данесці гэта чыноўнікам, але вынікаў пакуль няма. У мяне ёсць адказ за подпісам Віктара Якжыка [намеснік міністра адукацыі] пра тое, што так і павінна быць», - кажа Кашына.

Яшчэ адна праблема - недарэчнасць заканадаўства, якое знаходзіцца ў «каменным стагоддзі».

«Ключавы прабел заканадаўства: апекуноў нельга звольніць. Можна толькі вызваліць або адхіліць. Але вызваліць ад апякунства можна, калі дзіця вырасла, яго ўсынавілі або вярнулі біялагічным сваякам. Калі ты не падыходзіш як супрацоўнік, цябе адхіляюць ад апякунства і далей ты не можаш быць ні апекуном, ні прыёмным бацькам.

Па-сутнасці, калі апекуноў звальняюць з працы, ім ставяць у віну і сямейна-прававую адказнасць. Прыклад - прыёмная сям'я Захарычаў. Ім інкрымінавалі прагул, калі апекуны з'ехалі, пакінуўшы дзяцей сваякам. У выніку абодвух апекуноў адхілілі ад апякунства, хоць толькі адзін з іх быў наняты аддзелам адукацыі і прагуляў працу. Пакажыце мне, дзе яны здзейснілі прадугледжаныя артыкулам 168 Кодэкса аб шлюбе і сям'і правапарушэнне, за якія адхіляюць ад апякунства?» - патлумачыла Алена Кашына.

Ірына Моцная і Надзея Дударэнка збіраюцца змагацца за сваіх дзяцей і надалей, сумесна з праваабаронцамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках