5 траўня 2024, Нядзеля, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэмпературныя рэкорды пабітыя ў Беларусі 7 лістапада

1
Тэмпературныя рэкорды пабітыя ў Беларусі 7 лістапада

У Беларусі 7 лістапада пабіты шэраг тэмпературных рэкордаў, якія фіксаваліся за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў у гэты дзень.

Пра гэта паведамілі БелТА ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры.

Усталяванне новых рэкордаў станоўчай тэмпературы атмасфернага паветра стала магчымым дзякуючы цёплай паветранай масе, якая па-ранейшаму паступае з паўднёвага захаду Еўропы і вызначае надвор'е на тэрыторыі Беларусі.

Так, некалькі тэмпературных рэкордаў 7 лістапада прыпадае на Берасцейскую вобласць. У Драгічыне сіноптыкі зафіксавалі паказанні тэрмометраў на адзнацы 20,5 градуса вышэй за нуль, у Івацэвічах - 19,3, у Пружанах - 18,5. Прычым у Драгічыне рэкорд быў перавышаны больш чым на тры градусы, у Івацэвічах і Пружанах зафіксаваны абсалютны максімум тэмпературы ў гэты дзень за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў.

Новыя тэмпературныя рэкорды дня ўстаноўлены ў Берасці - плюс 18,3 градуса, а таксама ў Гародні, дзе слупок тэрмометра падняўся да адзнакі 14 градусаў вышэй за нуль, Магілёве - плюс 11,8 градуса і Менску - 14,6. У сталіцы быў пабіты тэмпературны рэкорд 60-гадовай даўніны. Да ўчорашняга дня цяплей у Менску 7 лістапада было ў 1954 годзе (плюс 12,5 градуса), а 6 лістапада ўпаў рэкорд 84-гадовай даўніны: слупок тэрмометра падняўся на ўзровень 14,5 градуса. Да таго з 1930 года трываў рэкорд плюс 12,4 градуса.

Як паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, тэмпературныя рэкорды лістапада ў Менску за ўсю гісторыю метэаназіранняў такія: плюс 16 градусаў (1 лістапада 1926), плюс 15,8 градуса (17 лістапада 2002), плюс 14,6 градуса (7 лістапада 2014), плюс 14,5 градуса (6 лістапада 2014), плюс 13,8 градуса (4 лістапада 1996).

Спецыялісты нагадалі, што агулам па краіне кароткачасовыя анамаліі цяпла, калі тэмпература паветра значна перавышала кліматычную норму, здараліся ў Беларусі ў канцы другой дэкады лістапада 2002 года. У апошні восеньскі месяц 2013 па ўсходзе Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей на некаторых метэастанцыях фіксаваліся рэкорды цяпла (на ўзроўні 15-16 градусаў) у асобныя дні, аднак ранейшыя паказчыкі былі перавышаныя не нашмат. Цяперашнія анамаліі высокіх тэмператур лістапада сіноптыкі ўважаюць за значныя.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках