2 траўня 2024, Чацвер, 16:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар-гінеколаг: радзільням не хапае фінансавання

26
Лекар-гінеколаг: радзільням не хапае фінансавання

Заява Лукашэнкі - усяго толькі афіцыйная статыстыка, а не ісціна.

Учора дыктатар пахваліўся новым «дасягненнем»: што дзякуючы ягоным жорсткім патрабаванням, за тры гады не загінула ніводная парадзіха. Ці магчымая нулявая смяротнасць парадзіх у краіне і ці праз Лукашэнку палепшылася беларуская медыцына ў сферы гінекалогіі? Пра гэта charter97.org распавяла лекар-гінеколаг з Гомеля.

- На самай справе заявы Лукашэнкі - гэта ўсяго толькі сухая статыстыка. Але хочаш ты ці не хочаш, але 1-2 выпадак на Беларусь у год дакладна будзе. Памятаю, што ў 2012 годзе ў трэцяй клінічнай бальніцы памерла жанчына. Калі не памрэ ніхто ў Менску, то дзесьці ў глыбінцы нешта можа здарыцца. Гэта ж роды, аперацыя - гэта рызыка ў любым выпадку. Ва ўсім свеце парадзіхі паміраюць, а ў нас - не. Такога не можа быць. Працэнт у нас, вядома, досыць нізкі, нават калі параўнаць са смяротнасцю ад хвароб, такіх, як сардэчна-сасудзістыя захворванні і гэтак далей, - то гэта, вядома, кропля ў моры.

- Чаму жанчыны прадаўжаюць паміраць падчас родаў?

- Таму што ёсць прычыны, якія не залежаць ні ад каго. І тромбаэмбалію ніхто не адмяняў, і любыя іншыя ўскладненні. Тая жанчына, якая памерла ў нас у Гомелі - яна, быццам бы, памерла ад крывацёку, які проста не змаглі спыніць, але дакладна я не ведаю. Але факт застаецца фактам: ёй не змаглі своечасова дапамагчы. Лекар - гэта не Гасподзь Бог.

- Лукашэнка хваліцца нейкім сваім «жорсткім загадам», праз які палепшылася беларуская медыцына...

- Ды гэта глупства. Гэта не Лукашэнка зрабіў так, што сістэма аховы здароўя развіваецца і лекары працуюць усе лепш. Гэта натуральны прагрэс. Гінеколагаў, вядома, ганяюць будзь здароў. Але сістэма развіваецца сама паціху. Так, сталі з'яўляцца нейкія лепшыя прэпараты, сталі рабіць нейкія звышскладаныя аперацыі, хоць і паляпшэнне гэта адбываецца з хуткасцю «ў дзень па чайнай лыжцы», вядома. Але, мабыць, хутчэй нашая медыцына развівацца не можа.

- Можаце прывесці канкрэтныя прыклады прагрэсу ў сферы гінекалогіі?

- Для парадзіх сталі рабіць шмат, асабліва ў Менску. Там проста «космас»: напрыклад, там сталі рабіць унутрычэраўныя аперацыі. Дапусцім, заганы сэрца плоду аперыруюць тады, калі ён яшчэ знаходзіцца ва ўлонні маці. Яшчэ сталі рабіць пераліванне крыві немаўлятам унутрычэраўна - гэта ўсё заслугі менскага цэнтра «Маці і дзіця».

- Гэта ж дзяржаўны цэнтр. То бок, гэта бясплатная медыцына? Толькі вось ці рэальна туды патрапіць простаму чалавеку?

- Так, туды трапіць рэальна: цэнтр забірае сабе пацыентаў з самымі цяжкімі паталогіямі без пытанняў. Да іх прэтэнзій ніякіх. Я сваіх пацыентаў адпраўляла. Калі я бачу, што жанчына нарабіла памылак або альбо яна, альбо дзіця знаходзяцца пад пагрозай ускладненняў - я іх адпраўляю туды, і яны там нараджаюць.

- Але сітуацыя з нараджэннем дзяцей, вядома, пакуль далёкая да ідэальнай.

- Радзільням не хапае фінансавання - гэта, вядома, іншае пытанне. Я вось сама нядаўна нараджала - і мяне, вядома, уразілі гэтыя страшныя начныя кашулі колеру хакі. Але гэтыя прэтэнзіі могуць зразумець толькі тыя, хто быў «там», у сценах гэтага "цуда-месца». А гэтыя халаты брудна-зялёнага колеру! Вось мне цікава, няўжо нельга зрабіць гэтую адзежу хоць бы ружовенькую? Там ва ўсіх і так сіне-зялёны колер твараў пасля родаў, а тут яшчэ гэты балотны колер адзення, упрыгожанага такімі страшнымі саўдэпнымі пялёстачкамі... Звычайна, калі палату жанчын выклікаюць на УГД, то дзіця пакідаць надоўга нельга, таму ўсе разам бягуць гужам ў працэдурны - хто кульгаючы, таму што пасля кесарава, хто клыпаючы - так з боку гэта выглядае, як быццам прабежка зэкаў! Вядома, гэта не самае страшнае, што можа быць з жанчынай, але ўсё магло б быць і лепш...

Акрамя гэтага, у рэдакцыю charter97.org прыйшлі абураныя каментары ад чытачоў. У прыватнасці, адзін чытач сцвярджае, што недзе тыдзень таму памерла маладая дзяўчына ў Светлагорскай радзільні, таксама вядома пра смерць жанчыны ў радзільні №6 горада Менска. Іншыя чытачы прыводзяць свае прыклады вядомых ім смерцяў у радзільнях.

«Гэта поўная бязглуздзіца. Толькі я, не спрабуючы пашукаць такія выпадкі, за апошні год чула пра два такія выпадкі пры родах. Пры гэтым адзін нядаўна ў маіх далёкіх сваякоў. Усё гэта няпраўда суцэльная!», - піша чытачка.

«Два гады таму сваячка нараджала. У іх у палаце памерла жанчына - сваячка не магла супакоіцца», - піша іншая.

Нагадаем, у пачатку 2014 charter97.org паведамляў пра смерць маладой настаўніцы ў менскай радзільні.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках