19 траўня 2024, Нядзеля, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Беларусаў чакае падзенне заробкаў і дэвальвацыя

34
Леанід Злотнікаў: Беларусаў чакае падзенне заробкаў і дэвальвацыя

Зніжэнне экспарту ў РФ моцна ўдарыла па эканоміцы краіны.

Прадстаўнікі Беларускай аналітычнай майстэрні прадставілі ў Варшаве вынікі сацыялагічных і эканамічных даследаванняў у краіне за лістапад 2014 года, паведамляе «Радыё Рацыя».

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту ў Расею вельмі моцна ўдарыла па эканоміцы Беларусі. Напрыклад, цэны на трактары ўпалі з 35 да 20 тысяч даляраў ЗША.

«Эканамічная сітуацыя Беларусі сёння цалкам залежыць ад крэдытаў, - мяркуе Леанід Злотнікаў. - Рэальны заробак зніжаецца апошнія тры месяцы, і стрымаць падзенне заробкаў будзе вельмі цяжка, калі мы не атрымаем гэтыя крэдыты і дапамогу ад Расеі альбо не прададзім палову калійнага камбіната. Калі гэтага не адбудзецца, то будзе дэвальвацыя».

Са слоў эканаміста, для выратавання сітуацыі ўладам неабходна 15 мільярдаў даляраў.

«Эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі напружаная, і калі ўрад не знойдзе 4 мільярды даляраў, каб пакрыць дзяржаўныя пазыкі і 11 мільярдаў, каб пакрыць запазычанасці прадпрыемстваў і камерцыйных банкаў, то непазбежна наступіць зніжэнне ўзроўню жыцця беларускага грамадства», - заявіў Леанід Злотнікаў.

Нагадаем, паводле афіцыйных звестак, фізічныя асобы ў лістападзе стварылі рэкордную ў гэтым годзе чыстую куплю замежнай валюты. Снежаньскі попыт, мяркуючы па далейшаму росту курсаў у абменных пунктах, будзе не меншым.

Мала таго, ужо ў кастрычніку сальда вонкавага гандлю рэзка пагоршылася, а мяркуючы па той жа статыстыцы Нацыянальнага Банка сальда валютнага рынку ў сектары суб'ектаў гаспадарання - рэзідэнтаў Беларусі ў лістападзе ўжо рэкордна адмоўнае (прычым як раз больш за кошт скарачэння прапановы валюты, гэта значыць - памяншэння экспарту) справы сталі ісці нашмат горш. Вядома, тут ёсць доля выніку забароны Расеяй беларускім прадаўцам экспарту мясной прадукцыі на ўсход, але гэтая забарона дзейнічае яшчэ не шмат часу і моцнага ўплыву яшчэ не аказала.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках