26 красавiка 2024, Пятніца, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Маўчанне Крамля можа быць злавесным

4
Раман Якаўлеўскі: Маўчанне Крамля можа быць злавесным

Напярэдадні самітаў, прызначаных на 23 снежня ў Маскве, стасункі Беларусі і Расеі напяліся.

«Паводзіны сёння нашага ўсходняга роднага брата не могуць не насцярожваць. Але мы пакуль не робім з гэтага нейкіх высноў, я ў тым ліку, да размовы з прэзідэнтам Расеі», - шматзначна заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 снежня на пасяджэнні Савета бяспекі ў Менску. А 18 снежня ўжо запатрабаваў перайсці на даляры і еўра ў разліках з Расеяй.

Сам Уладзімір Пуцін пакуль аддае перавагу «не заўважаць» істэрычных выпадаў Лукашэнкі. Аб незадаволенасці Крамля сведчаць выпады дробных чыноўнікаў. У любым выпадку, канфлікт, які разгарэўся з пачаткам прадуктова-нафтавай вайны, патрабуе развязання.

Сітуацыю ў інтэрв'ю «Беларускай праўдзе» каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

- Ці можна ўспрымаць гэтыя публічныя пагрозы як гатоўнасць да дзеянняў?

- Ну, не лішнім будзе нагадаць, што намерамі Пуціна правесці аж тры саміту (АДКБ, саюзнай дзяржавы і ЕАЭС) у адзін дзень Лукашэнка адкрыта праявіў сваё неразуменне, дакладней, незадаволенасць, падчас сустрэчы з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Рыгорам Рапотам. У Лукашэнкі настрой правесці канкрэтную і нялёгкую размову з Пуціным па ўзніклых пытаннях у іх стасунках. Бо яны і толькі яны двое пастанаўляюць усё і ўся ў сваіх частках саюзнай дзяржавы. Бо аднаго дня можа ім і не хапіць для высвятлення стасункаў. Такое уяўляецца больш імаверным, чым неімаверным. Увогуле, многія чыноўнікі і іншыя гледачы прадчуваюць убачыць 23 снежня ў Маскве калядны спектакль «Очевидное-невероятное» з невыканальнымі пагрозамі.

- Крэмль на пагрозы адказаў шантажом: расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў выказаў сумнеў у тым, што Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Як трэба ўспрымаць гэты сігнал Лукашэнку?

- Сурыкаў ужо даўно па сваім узросце цягне на пенсіянера саюзнага значэння. І ягоныя двухсэнсоўныя сумневы наконт удзелу Лукашэнкі ў тым, што называюць прэзідэнцкімі выбарамі, наўрад ці варта сур'ёзна ўспрымаць, маюцца на ўвазе намёкі, што нібыта ў Крамля ёсць іншая рэальная фігура новага кіраўніка Беларусі. Больш дакладнага саюзніка Крамля і прадставіць складана. А ўжо пасля краху Януковіча проста можа быць страшна. Так што такія словы расейскага амбасадара - проста спроба Крамля накіраваць высокага госця ў патрэбным кірунку ў размове, што мае адбыцца з Пуціным. Не больш за тое…

- Заява намесніка дзяржсакратара Вікторыі Нуланда пра гатоўнасць ЗША да дыялогу з Беларуссю толькі падліла алею ў агонь. Кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ у міжнародных справах Аляксей Пушкоў заявіў, што ЗША маюць намер альбо скінуць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, альбо адкруціць яго ад Масквы. Па кім б’е набат?

- І заявы крамлёўскага салаўя ў рангу кіраўніка думскага камітэта таксама варта ўспрымаць як чарговы запуск механізму ціску. На гэты раз, на раз’юшанага беларускага саюзніка. Памятаецца, неяк, напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі, гэты кадр у сваёй фірмовай тэлепраграме «Пастскрыптум» аўтарытэтна паведамляў, спасылаючыся на cвае сакрэтныя крыніцы, што ў атачэнні Лукашэнкі дзейнічае празаходняя група ўплыву ў складзе: Макейя, Пяткевіча, Якубовіча і нават... Чаргінца. Гэтакая «банда чатырох» атрымлівалася ў гэтага «кампетэнтнага» прапагандыста. Гэта значыць, чуў звон, ды невядома, чый ён. Цяпер вось, падобна, крамлёўскія стратэгі паўтараюцца. А цар-звон ў крамлёўскім двары працягвае маўчаць. Але маўчанне можа апынуцца і злавесным.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках