26 красавiка 2024, Пятніца, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

25 снежня ў Менску пройдзе «Калядны фэст»

25 снежня ў Менску пройдзе «Калядны фэст»

Для наведвальнікаў канцэрту прыгатавана шмат сюрпрызаў.

Пра гэта charter97.org паведамляе арганізатар фестывалю Віталь Супрановіч, які апытаў музыкаў, як яны святкуюць Каляды і чым плануюць здзівіць аўдыторыю ў гэтым годзе на музычнай падзеі «Калядны фэст», якая пройдзе 25 снежня ў менскім клубе Re: Public.

Марыя Шарый (гурт «Стары Ольса»): «Для большасці нашых людзей, усё ж такі, галоўным святам з'яўляецца Новы Год, а не Каляды. Таму хацелася б больш мерапрыемстваў, гулянняў, гутарак пра Каляды. Самае простае - зрабіць калядную зорачку з трох саломінак і чырвоных нітак і падарыць незнаёмаму. А далей па ланцужку. Мы святкуем Каляды ў рамках «Каляднага фэсту» з 2007 года. Для нашай групы гэта ўжо стала традыцыяй.

Мы падрыхтавалі шмат сюрпрызаў для слухачоў. У сувязі з нашымі папярэднімі святамі, яны падаспелі раней Каляд, але і на канцэрце будзе сёе-тое цікавае - усе цуды на Каляды! Усведамляйце сваю ўнікальнасць, любіце адзін аднаго, рабіце тое, што вам дадзена звыш, яднайцеся!».

Уладзімір Калач (група Іrdorath): «Звычайна мы святкуем Каляды ў сямейным крузе. Ужо трэці год будзем удзельнічаць у «Калядным фэсце». Думаю, што ў гэтым годзе ён будзе асабліва магутным і цікавым, бо акрамя нас у ім бяруць удзел яшчэ чатыры цудоўныя групы і ўсе рыхтуюць нешта новае і цікавае. Выступ на «Калядным фэсце» будзе апошнім з вялікіх выступаў у Менску перад прэзентацыяй другога альбома, якую мы плануем зрабіць вясной.

На мой погляд, было б добра, калі б для ўдзельнікаў фэсту з'явілася яшчэ адна сцэна - акустычная. Магчыма, гэта дапамагло б пашырыць аўдыторыю, раскрыць новыя таленты і межы фолк-музыкі. Irdorath віншуе з надыходзячымі святамі і жадае ўсім не прапусціць цудоўны зімовы час, прысвяціць яго прыемным справам, рэалізаваць задумкі і ўсё, на што не хапіла часу летам. Дарыць цяпло адзін аднаму і слухаць добрую музыку!»».

Алесь Тaболіч (гурт Znich): «Цяпер я святкую Каляды на канцэрце, а раней, калі быў маладзейшы, разам з сэт (студэнцкае этнаграфічнае таварыства) ездзілі па вёсках, адраджаючы свята. Наша група ўдзельнічае ў «Калядным фэсце» з самага пачатку. У гэтым годзе фэст будзе багаты на перамены. Трэба рабіць нешта новае, імкнуцца да гэтага - гэта мае прынцыпы на наступны год. На сцэну мы пакуль выйдзем са старым матэрыялам, бо ён усё роўна падабаецца людзям. Асабіста я нямала зрабіў для «Каляднага фэсту». Слухачам жадаю, каб каўбасіла, дубасіла, плюшчыла і прыбівала!».

Юлія Рэйзіс (тэатральна-танцавальны праект «Гістрыён»): «Напэўна, правільна будзе сказаць, што адмыслова Каляды я ніколі яшчэ не святкавала, але апошнія некалькі гадоў яны святкуюцца самі сабой: то выступы, то калядныя падарожжы. Мы не ўпершыню будзем выступаць на фестывалі. Ад сябе і ад свайго калектыву абяцаю калядныя песні, гуллівую козачку, мілага вучонага мядзведзя і іншых персанажаў. У наш час уся справа за модай і інфармацыяй, значыць, Каляды і Каляды трэба зноў зрабіць моднымі!

Васіль Верабейчыкаў (гурт Litvintroll): «Звычайна мы святкуем Каляды на «Калядным фэсце», бо бяром удзел амаль у кожным, з самага пачатку. На фестываль прыходзіць шмат нашых сяброў і сваякоў, таму можна сказаць, што мы адзначаем у сямейным коле. Для нас гэты фэст - свята, і мы да яго грунтоўна рыхтуемся. Мы прадставім новыя песні і спецыяльныя калядныя кашулі. Астатняе - сакрэт! Усім міру і дабра!»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках