2 траўня 2024, Чацвер, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На курсавой розніцы «Спартак» губляе $100-150 тысяч у месяц

3
На курсавой розніцы «Спартак» губляе $100-150 тысяч у месяц

Страты ад курсавой розніцы і дэвальвацыі расейскага рубля для СП ААТ «Спартак» складаюць 100-150 тыс даляраў у месяц.

Пра гэта паведаміў БелаПАН 22 снежня ў Гомелі генеральны дырэктар прадпрыемства Алег Жыдкоў.

З ягоных слоў, расейскі рынак «дастаткова складаны». Гэта звязана з праблемамі пры перамовах аб павышэнні коштаў. «Мы зыходзім з сваіх магчымасцяў, але разумеем, што даходзіць да верхняй планкі ў коштах нельга, таму што тавар побач з расейскімі аналагамі не будзе прадавацца. Сёння на расейскім рынку буйныя вытворцы фактычна выціскаюць дробных з гандлёвых аб'ектаў. Робяць гэта за кошт сваёй магчымасці зніжаць кошты. Яны становяцца на паліцы замест тых, каго пасунулі, а потым будзе рост коштаў на гэтую прадукцыю. Калі яны цяпер займаюць 30-35%, праз месяц гэта будзе ўжо 60-65%. І ў іх будзе магчымасць падымаць кошты», - адзначыў Жыдкоў.

Сярод іншых цяжкасцяў - «плата за паліцу», якая выяўляецца ў аплаце маркетынгавых паслуг і ўсялякага роду бонусаў.

Са слоў кіраўніка прадпрыемства, доля расейскага рынку ў аб'ёме продажаў складае 16-17%. У гэтым годзе былі пастаўкі на новыя рынкі: Канада, Ізраіль, Туркменістан, Кыргызстан, Таджыкістан, Латвія. У наступным годзе плануецца асвойваць рынак Кітая. Жыдкоў таксама адзначыў, што прадпрыемства мяняе стратэгію працы на рынку ЗША.

«Сёння мы і іншыя беларускія вытворцы прадукцыі назіраем звужэнне амерыканскага рынка. Гэта звязана са старэннем нашых асноўных спажыўцоў - рускамоўнай дыяспары. Крамы для іх зачыняюцца плюс вялікая канкурэнцыя сярод пастаўшчыкоў прадукцыі ўнутры ў гэтыя крамы. Мы разам з амерыканскімі партнёрамі распрацоўваем новы дызайн для нашай прадукцыі, новы брэнд, які будзе адаптаваны пад патрэбы і менталітэт карэннага амерыканскага рынка», - паведаміў Жыдкоў. З ягоных слоў, вядуцца перамовы з НХЛ аб выпуску ліцэнзійнай прадукцыі.

Паводле аператыўных даных, прадпрыемства за 11 месяцаў гэтага года паставіла на ўнутраны рынак 18,2 тыс тон прадукцыі, на экспарт - 3,9 тыс тон.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках