27 красавiка 2024, Субота, 19:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менеджэр Velcom: Беларускамоўная рэклама ў буйным бізнэсе ўважаецца добрым тонам

15
Менеджэр Velcom: Беларускамоўная рэклама ў буйным бізнэсе ўважаецца добрым тонам

Павел Ганчар, начальнік аддзела развіцця фіксаванай сувязі кампаніі Velcom, распавёў аб прысутнасці беларускай мовы ў бізнэсе.

Інтэрв’ю з ім апублікавана на сайце «Асацыяцыі еўрапейскага бізнэсу».

Шлях да беларускай мовы

- Аднойчы я падумаў, што далей так жыць не магу: мае ўнутраныя ўстаноўкі і перакананні ўвайшлі ў канфлікт з тым, што я дагэтуль размаўляю па-руску.

У той час я быў дырэктарам кампаніі «Дзелавая сетка». Калегаў на працы, з якімі мы звычайна збіраліся на планёрку, я папярэдзіў: з Новага года я размаўляю толькі па-беларуску. Спачатку яны асцерагаліся, што ім будзе цяжка мяне зразумець, але нічога страшнага не адбылося - з часам прывыклі.

Наогул, трэба ставіць перад сабой выразныя смарт-задачы і іх выконваць, каб адчуваць перамогу і поспех.

У маім выпадку я разважыў, што паўгода буду дома размаўляць па-беларуску, потым столькі ж яшчэ і на вуліцы, а з Новага года - пачынаю новае жыццё і ўсюды размаўляю па-беларуску.

Вядома, першы час адчуваецца жорсткая «ломка», амаль на фізічным узроўні. Псіхіка перанапружваецца, паколькі ў адказ ад суразмоўцы звычайна чуеш рускую мову - і першыя месяцы гэта моцна цісне. Але потым праходзіць.

Беларуская мова ў кампаніі

- Праз некаторы час абслугоўванне ў нас у кампаніі стала двухмоўным - на ўзроўні спецыялістаў па продажу і службы тэхнічнай падтрымкі.

Тых, хто працаваў па-беларуску, мы стымулявалі: даплачвалі блізу 5% ад акладу.

На дыскрымінацыю з боку рускамоўных ніхто не паскардзіўся: па-першае, гэта не такая прыкметная сума, па-другое, аферта была адкрытай, да яе мог далучыцца любы супрацоўнік.

Але справаводства па-беларуску я ўводзіць не стаў, палічыўшы гэта гвалтам: на той момант мы ўжо адпрацавалі больш за дзесятак гадоў - навошта людзей прымушаць? Калі б гэта была новая кампанія, то іншая справа. А так не хацелася змушаць, таму што людзі самі павінны цягнуцца да роднай мовы.

На жаль, носьбіт беларускай мовы сёння ў масавай свядомасці асацыюецца толькі з людзьмі, якіх б'юць на мітынгах.

Для сябе ў сувязі з гэтым я вызначыў місію: паспрабаваць змяніць ўспрыманне, быць паспяховым беларускамоўным чалавекам, каб астатнія захацелі стаць такімі ж.

Беларуская мова на сайце

- Аднойчы мы зрабілі новую версію сайта кампаніі і асноўнаю моваю пакінулі беларускую. Вядома, былі і скаргі, пры чым даволі тыповыя: маўляў, «у нас у краіне двухмоўе, я маю права...». Ну, клікай на спасылку «ru» і чытай! Аднак, колькі ж было падзяк, а якія шчырыя! Прыкладна на тры скаргі прыходзіла восем падзяк.

Я адсочваў статыстыку заходаў на сайт: цікава, што спачатку людзям было цяжка ўспрымаць інфармацыю па-беларуску: большасць націскала на «ru» і пераходзіла на рускамоўную версію. Але прыкладна праз пяць месяцаў такіх наведвальнікаў засталося ўсяго 15%. Гэта сведчыць аб тым, што людзям да беларускай мовы прыстасавацца нескладана.

Аб стасунках з калегамі

- Цяпер я працую ў кампаніі Velcom, і тут ніякіх праблем у стасунках з калегамі і кіраўніцтвам няма. Знайшліся нават два беларускамоўных супрацоўніка, а яшчэ блізу дваццаці рускамоўных са мной размаўляюць па-беларуску.

Перапіска таксама адбываецца па-беларуску, у тым ліку з топ-менеджментам. Ніхто не прасіў пісаць па-руску, наадварот, казалі, што беларуская вельмі падабаецца.

Аб дзелавых перамовах

- Натуральна пачынаю па-беларуску. І яшчэ не было выпадкаў, каб чалавек з беларускай кампаніі папрасіў мяне перайсці на рускую мову. Прадстаўнікі рускіх кампаній - прасілі. І я пераходзіў, паколькі не бачу ў гэтым ніякай праблемы. Нават калі на вуліцы хтосьці мяне не разумее, то заўсёды добразычліва паўтараю незразумелае слова па-руску, і камунікацыя працягваецца - гэта не падстава перайсці на рускую мову, а нагода проста падказаць слова.

Рэклама па-беларуску

- Цяпер прасочваецца трэнд выкарыстоўвання беларускай мовы ў рэкламе.

У буйным бізнэсе лічыцца добрым тонам мець беларускамоўную рэкламу.

Але ўлічваючы тое, што камунікатыўная функцыя беларускай мовы як сродку расказаць людзям нешта канкрэтнае аб тавары спрацоўвае не на 100%, то рэкламу, якая прадае, пакінулі ўсё-ткі рускамоўнай, а беларускамоўнай робяць статутную, «іміджавую» рэкламу.

Але разлічваць на тое, што грамадства хутка і самастойна пяройдзе на беларускую мову, было б вельмі ідэалістычна. Добра, што ёсць трэнд, што ў эліце і маладзёжным асяроддзі гэта ўважаецца модным, але асаблівых змен не будзе без падтрымкі дзяржавы або без з'яўлення нейкай знешняй пагрозы, якая можа стаць стымулам.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках