Леанід Краўчук: Калі Украіна хоча выжыць у бітве з Пуціным, трэба ўваходзіць у NATO
7- 29.12.2014, 14:20
- 16,480
Украіна павінна правесці рэферэндум аб уваходжанні ў NATO.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук, паведамляе УНП.
З ягоных слоў, Расея будзе працягваць агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Украіны, а таму трэба ўваходзіць у NATO, пачаўшы з правядзення ўсеўкраінскага рэферэндуму.
"Пуцін будзе праводзіць палітыку захопу Украіны - у яго гэта філасофія расейскай палітыкі. І калі мы хочам выжыць, мы павінны стаць чальцамі NATO. Але пачаць трэба з рэферэндуму, каб была воля народа: трэба сабраць 3 млн подпісаў і атрымаць 100 000 подпісаў у двух трэцях абласцей. Калі будзе воля народа на рэферэндуме, тады ва ўлады не будзе іншых шляхоў, як рабіць усё для ўваходжання ў NATO", - сказаў Краўчук.
Нагадаем, Вярхоўная Рада Украіны 23 снежня прыняла закон, які прадугледжвае адмову краіны ад пазаблокавага статусу і аднаўленне курсу на ўваходжанне ў NATO.
У МЗС Расеі заявілі, што прыняцце закона аб адмове Украіны ад пазаблокавага статусу з'яўляецца контрпрадуктыўным і спрыяе канфрантацыі.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка таксама заяўляў, што пастанову аб уваходжанні краіны ў NATO будзе прымаць украінскі народ на рэферэндуме.