2 траўня 2024, Чацвер, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва: пераход на еўра - гэта не толькі пытанне замены валюты

7
Літва: пераход на еўра - гэта не толькі пытанне замены валюты

З 1 студзеня Літва далучыцца да еўразоны, і спадзяецца, што гэты крок на фоне напружаных дычыненняў з Расеяй умацуе яе бяспеку.

Але многія асцерагаюцца, што праз новую валюту вырастуць кошты.

Заканчваецца год, які азмрочыла інтэрвенцыя Расеі ва Украіну - гэта самая вялікая пагроза краінам Балтыі з тых часоў, як яны каля чвэрці стагоддзя таму выйшлі са складу Савецкага Саюза, піша навінавае агенцтва AFP.

NАТO ў гэтым годзе 150 разоў - у тры разы больш, чым у мінулым годзе - адпраўляла свае знішчальнікі, якія павінны былі суправаджаць вайсковыя самалёты Расеі ў паветранай прасторы краін Балтыі, паведамляе Мінабароны Літвы, піша ru.delfi.lt.

«Адзіная еўрапейская валюта таксама азначае вялікую бяспеку, а гэта вельмі важна, калі ёсць такі сусед», - сказаў жыхар Вільні прыкладна 50 гадоў Вітаўтас Компка. Увядзенне еўра ўхвалілі 53% жыхароў Літвы, а 39% выказаліся супраць, паказала праведзенае ў лістападзе апытанне, апублікаванае Цэнтрабанкам Літвы.

«Я павінен прызнаць, што асцярогі наконт бяспекі былі адной з прычын, з якіх грамадства прагаласавала ў падтрымку ўвядзення еўра», - сказаў агенцтву AFP міністр фінансаў Літвы Рымантас Шаджус. Ён назваў увядзенне еўра «трэцім найважнейшым крокам інтэграцыі Літвы ў заходнееўрапейскую супольнасць», пасля ўваходжання краіны ў 2004 годзе ў Еўрапейскі Звяз і NАТO.

Але адабрэнне еўра ў грамадстве было нераўнамерным, і праз трывогу, звязаную з магчымымі адмоўнымі наступствамі, часам падала ніжэй за 50%.

«Еўра не падвысіць пенсіі або зарплаты, толькі падвысіць кошты», - сказала пенсіянерка спадарыня Петкявічэне. «Але ўсё ўжо вызначана», - адзначыла яна, маючы на ўвазе ўсталяваную банкам дату, калі Літва стане 19 чальцом еўразоны.

У адрозненне ад суседняй Польшчы, дзе валюта свабодна мяняе курс, літоўскі літ з 2002 года быў прывязаны да еўра, таму залежаў ад Еўрапейскага цэнтральнага банка. «Фактычна, еўра ў нас быў ужо больш за 12 гадоў, толькі ён называўся літам», - сказаў Шаджус, і дадаў, што пасля пераходу на еўра кошты не павінны падвысіцца больш чым на 0,2-0,3%.

Літ дапамог умацаваць літоўскую дзяржаву, калі яна ў 1918 і 1990 стала незалежнай ад Масквы, але з тых часоў роля нацыянальнай валюты знізілася. У лістападзе літоўцы імкнуліся ўвекавечыць літ у Кнізе рэкордаў Гінеса, пабудаваўшы з мільёна манет самую вялікую піраміду.

Літва спадзявалася ўвесці еўра яшчэ ў 2007 годзе, але тады быў высокі ўзровень інфляцыі. У 2009 годзе ў краіне была глыбокая рэцэсія. Жорсткія меры эканоміі праклалі дарогу для ўвядзення еўра і ператварылі Літву ў адну з найбольш хутка растучых эканомік у ЕЗ: за апошні год рост эканомікі склаў прыкладна 3%.

Але зніжаныя сацыяльныя выплаты і зрэзаныя выдаткі грамадскага сектара выклікалі рэкордную эміграцыю ў больш багатыя краіны Заходняй Еўропы, напрыклад, у Вялікую Брытанію. Суседнія краіны Балтыі - Эстонія і Латвія - увялі еўра, адпаведна, у 2011 і 2014 годзе. Літва не спяшалася далучацца да еўразоны, бо палітыкі не хацелі гэта рабіць да выбараў 2012 года.

Цяпер урад сцвярджае, што еўра надасць дадатковы стымул эканоміцы, сітуацыя якой і так лепшая, чым у іншых краінах еўразоны. Але экспэрты сцвярджаюць, што палітыкі могуць паўтарыць памылкі Грэцыі, абумоўленыя таннымі крэдытамі і дрэннай фіскальнай дысцыплінай.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках