2 траўня 2024, Чацвер, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гішпанцы біліся ў «мучных войнах» у знак барацьбы з карупцыяй

Гішпанцы біліся ў «мучных войнах» у знак барацьбы з карупцыяй

Больш за тры тысячы жыхароў гішпанскага гарадка Іві 28 снежня 2014 года ўзялі ўдзел у мясцовым аналагу Дня дурня.

Яны выйшлі на вуліцы, каб атакаваць адзін аднаго мукой, пенай і яйкамі ў «мучных баях» з палітычным адценнем. Фестываль праводзіцца ў мястэчку апошнія 200 гадоў і ўяўляе сабой маляўнічае супрацьстаянне «мяцежнікаў» і «ўлады», піша NEWSru.com.

Імправізаваны атрад «паўстанцаў» Эльс Энфарынатс (у перакладзе з гішпанскага - «абсыпаныя мукой») з перапэцканымі мукой тварамі і на знарок у вайсковай форме раніцай пачынае гонку ад царквы да мэрыі, пераможца ў якой становіцца мэрам, атрымлівае цыліндр, медалі і ордэны і ўзначальвае далейшую «рэвалюцыю».

«Паўстанцы» пачынаюць паляванне на «ўладу», каб арыштаваць ранейшых кіраўнікоў, а тыя, у сваю чаргу, прыступаюць да «законатворчасці». «Прадстаўнікі ўлады» наведваюць крамы, аптэкі і банкі, каб сабраць з жыхароў сродкі на толькі што прыдуманыя імі «падаткі». Нязгодных закідваюць яйкамі і абсыпаюць мукой. Дарэчы, сабраныя з дапамогай такога «рэкету» сродкі адпраўляюцца на дабрачыннасць - у дамы састарэлых і дзіцячыя прытулкі.

У апоўдні «тыраны» і «апазіцыя» пераходзяць да адкрытага супрацьстаяння на галоўнай гарадской плошчы. Пад выбухі петард праціўнікі частуюць адзін аднаго ўсё тымі ж кілаграмамі бясшкоднай, але бруднай «зброі». Мучная бітва завяршаецца ў пяць гадзін вечара агульным перамір'ем, пасля чаго байцы пераходзяць да песень, танцаў і вячэры.

Гісторыя свята сыходзіць каранямі ў XVI стагоддзе, калі ў пераднавагодні дзень «божым людзям» - жабракам і юродзівым - было дазволена паўсюдна прасіць міласціну і тварыць непрыстойнасці.

«Удзел у невялікім перавароце - гэта тое, чаго хацелі б многія гішпанцы. Шкада, што ён абмяжоўваецца толькі нашым мястэчкам», - цытуе выданне The Local словы Евы Маёль, 28-лётнага біёлага, якая ўзяла ўдзел у фестывалі. На думку многіх удзельнікаў «мучных бітваў», такое мерапрыемства дазваляе выпусціць пар пад уражаннем ад усё больш гучных карупцыйных скандалаў у Гішпаніі.

Такая палітычна афарбаваная гішпанская традыцыя натхніла і жыхароў Нідэрландаў, дзе акцыя пратэсту, якая адбылася 14 верасня ў Амстэрдаме, таксама прыняла форму прадуктовых баёў. У той дзень на цэнтральнай плошчы горада сабраліся сотні чалавек, якія пратэставалі супраць прадуктовых санкцый, якія прыняла Расея пад эканамічным ціскам Захаду. У знак пратэсту супраць іх жыхары Амстэрдама закідалі адзін аднаго пераспеўшымі памідорамі. Адзначым, Галандыя з'яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў таматаў у свеце і ў мінулым годзе паставіла ў Расею памідораў на суму 100 млн даляраў. Пасля ўвядзення Масквой санкцый фермерам давялося ўтылізаваць залішнюю прадукцыю. Ідэяй для акцыі пратэсту паслужыў гішпанскі фестываль «Ла Томатина», які, праўда, не мае палітычнага падтэксту.

Фота: Reuters

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках