2 траўня 2024, Чацвер, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерасант»: Дамова аб ЕАЭС - агульныя дэкларацыі

4
«Коммерасант»: Дамова аб ЕАЭС - агульныя дэкларацыі

ЕАЭС у апісанні дамовы аб яго стварэнні не выглядае чымсьці радыкальна адрозным ад МС.

У распараджэнні журналістаў апынулася бягучая працоўная версія другой частцы праекта дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). Цалкам праект плануецца падпісаць у траўні 2014 года, і за кошт даволі моцнага скарачэння яго сферы шанцы на стварэнне ЕАЭС з 2015 года растуць - па сутнасці, бакі зараз спрачаюцца толькі аб правілах каардынацыі нафтагазавых рынкаў, іншыя спрэчныя пытанні пакінутыя на будучыню.

У адзіным выглядзе дакумент кіраўнікі краін Мытнага саюза маюць намер падпісаць у траўні 2014 года, цяпер праца над першай, агульнай часткай дамовы фактычна завершаная, перамовы паміж камісіяй МС і экспертамі трох краін-удзельніц МС аб тым, што будзе ўяўляць сабой будучы ЕАЭС (з 2015 года), як раз вядуцца ў рамках падрыхтоўкі другой часткі праекта, піша расейскае выданне "Коммерсант".

Зыходзячы з цяперашняга стану дакумента, гандаль за асобныя сферы рэгулявання ў будучым эканамічным саюзе будзе працягвацца. Большая частка сямі дзесяткаў артыкулаў праекта - агульныя дэкларацыі, якія адсылаюць да будучых прыкладанняў да дамовы (усяго больш за 30 прыкладанняў). Па зацверджаным у 2013 годзе планам фармавання ЕАЭС да 1 сакавіка 2014 года павінен быць сфармаваны спіс выключэнняў і абмежаванняў, якія застаюцца ў рамках МС і адзінай эканамічнай прасторы, на травень 2014 года запланаванае падпісанне дамовы аб ЕАЭС з тым, каб саюз мог запрацаваць з 2015 года пасля ратыфікацыі дакумента нацыянальнымі парламентамі. Але прыкладанні да дамовы можна ўзгадняць, прымаць, перарабляць і пазней.

ЕАЭС у апісанні дамовы аб яго стварэнні не выглядае чымсьці радыкальна адрозным ад МС, дапоўненага больш агульнымі (часткова з адсылам на нормы СГА) прынцыпамі каардынацыі знешняга гандлю, гандлю паслугамі і інвестыцыйным рэжымам. Хоць у праекце і згадваецца супрацоўніцтва ў сектары з пераважнай вагой або уплывам дзяржавы (адукацыя, навука, культура, ахова здароўя, транспарт, дзяржзакупкі, сельская гаспадарка), праект не прадугледжвае якой-небудзь значнай інтэграцыі ў іх. У чыста гандлёвых пытаннях, па дадзеных журналістаў, па-ранейшаму не вырашана ключавое пытанне: Казахстан працягвае настойваць на тым, што ЕАЭС будзе самастойным суб'ектам міжнароднага права і зможа заключаць ад свайго імя абавязковыя для сваіх членаў міжнародныя дамовы. У цэлым у Казахстана больш прэтэнзій да "размытага" па прапановах Расеі статусу ЕАЭС - частку пытанняў (напрыклад, увядзенне супраць трэціх краін міжнародных санкцый у адпаведнасці са статутам ААН) ён прапануе пакінуць у нацыянальнай кампетэнцыі, частку - цалкам перадаць кіруючым органам ЕАЭС.

Беларусь пры падрыхтоўцы праекта цікавіць пераважна магчымасць самастойнай эканамічнай палітыкі (напрыклад, Менск не згодны праводзіць "адзіную" палітыку ў сферы санітарных, фітасанітарных і каранцінных мер, настойваючы на тым, што ў ЕАЭС яна павінна быць "скаардынаванай" ці "ўзгодненай", і ў цэлым хутчэй гатовы ўзгадняць у ЕАЭС свае дзеянні, але не выконваць агульныя для ўсіх рашэнні). Паказальна, што ў артыкуле 72 ("Асноўныя напрамкі ўзгодненай эканамічнай палітыкі") Беларусь прапануе выключыць з кампетэнцыі ЕАЭС "фармаванне адзіных прынцыпаў функцыянавання эканомікі", а ў артыкуле 90 выступае супраць ідэі "адзінага рынку транспартных паслуг" ЕАЭС.

У сферы агульнай валютнай палітыкі ў праекце даволі шмат спрэчак. Асноўным, мабыць, з'яўляецца варыянт Расеі, згодна з якім "валютная каардынацыя" будзе ажыццяўляцца па асобнай міжнароднай дамове адзіным органам з кіраўнікоў нацбанкаў краін ЕАЭС. Расея цвёрда настойвае і на энергетычным суверэнітэце: згодна з праектам артыкула 84 "Узаемадзеянне ў сферы энергетыкі", падрыхтаванага РФ, усе пытанні, прама не ўрэгуляваныя дамовай аб ЕАЭС, вырашаюцца ў рамках нацыянальных заканадаўстваў краін ЕАЭС. Канчатковых рашэнняў у сферы інтэграцыі электраэнергетыкі, паліўнага рынку і газатранспартнай сістэмы праект не змяшчае: усе бакі прапануюць свае версіі. На здзіўленне мала спрэчак выклікала ўзгадненне ўнутраных субсідый у краінах ЕАЭС: бакі схільныя пагадзіцца вырашаць усе спрэчкі ў гэтай сферы ў судзе саюза. Бакі таксама ў цэлым згодныя не лібералізаваць узаемны доступ на рынкі працы ў радыкальна большай ступені, чым ён адкрыты зараз міжнароднымі дамовамі.

Фота: Дзмітрый Азараў / Коммерсант

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках