2 траўня 2024, Чацвер, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі лыжнік: Сочынская траса недарэчная для Алімпіяды

21
Расейскі лыжнік: Сочынская траса недарэчная для Алімпіяды

Антон Гафараў, які зламаў лыжу падчас спаборніцтваў у аўторак, раскрытыкаваў алімпійскую трасу.

Мужчынскі спрынт скончыўся няўдала для расейцаў. Антон Гафараў у паўфінале зламаў лыжу і некалькі хвілін пад роў гледачоў бездапаможна клыпаў па трасе да фінішу. А ўжо ў медальным забегу трапіў у завал і застаўся без п'едэстала гонару Сяргей Усцюгаў. Прычым абодва падзенні здарыліся на адным і тым жа каварным павароце, піша NEWSru.com.

"Я шчыльна ехаў за нарвежцам, і мая лыжа трапіла ў гурбу, - заявіў Гафараў у інтэрв'ю выданню "Спорт день за днём". - Запнуўся. Упаў... Наогул гэтая траса недарэчная для Алімпіяды. На Кубках свету, бывае, лепш робяць. Усё ж можна было прадугледзець. Напрыклад, на гэтым павароце стаяць і чысціць гурбы. Але нікога там не было! На першым стартавым павароце была каша, і там чысцілі. А на самым хуткасным і небяспечным спуску ніхто не прыбіраў гурбы. З-за гэтага не толькі я ўпаў. Вы ж бачылі фінальны забег".

Па словах лыжніка, хатнюю для зборнай Расеі трасу ён праехаў не адну сотню разоў, і ніколі не асцярожнічаў на гэтым спуску. Але літаральна за адзін дзень змянілася надвор'е, і траса стала іншай.

У аўторак Гафараў рваўся ў фінал спрынту, але пасля падзення на павароце зламаліся і лыжа, і палка. Нават так траўмаваны расеец спрабаваў дацягнуць да фінішу, але другое падзенне прывяло яго лыжу ў поўную непрыдатнасць. На выручку прыйшоў трэнер зборнай Канады Джасцін Уодсварт. Ён замяніў лыжу, і расеец фінішаваў апошнім пад апладысменты трыбун.

"Я ні на што ўжо не разлічваў, - успамінае Антон. - Была толькі адна мэта - проста дайсці да фінішу. І ўсё. Нейкі замежнік даў мне лыжу іншай фірмы".

"А вазьміце таго ж Сярожу Усцюгова, - дадаў спрынтар. - Ён жа ў фінале таксама зламаў лыжу пры падзенні. І яму ўнізе ніхто не даў запасную! У выніку ён страціў медаль. Ён жа мог пазмагацца за бронзу. Вы бачылі, што Ёнсан адстаў адразу са старту, а потым, пасля падзення хлопцаў, спакойна іх абкаціў і дабраўся да фінішу. Усцюгаў першы падскочыў за ім. Але ў яго была зламаная лыжа! Няхай гэта і не было прыкметна няўзброеным позіркам, у яго не было ніякага прасоўвання".

А яшчэ Гафараў папрасіў прабачэння ў заўзятараў - наўрад ці за сябе, хутчэй проста за тое, што ўсё так выйшла. "Вядома, крыўдна. Як і нашым заўзятарам. Прыношу ім вялікія шчырыя прабачэнні, што ўсё так атрымалася. Будзем змагацца далей і рыхтавацца да наступнай Алімпіяды", - паабяцаў ён.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках