2 траўня 2024, Чацвер, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінздраў працягвае барацьбу з імпартнымі лекамі

46
Мінздраў працягвае барацьбу з імпартнымі лекамі

Выпрабавальныя лабараторыі спыняюць прыём на аналіз лекавых сродкаў, якія маюць беларускія аналагі.

Пра гэта charter97.org паведаміла крыніца ў адной з фармацэўтычных кампаній Беларусі.

На сходзе дыстрыб'ютараў фармацэўтычных кампаній 11 лютага ў Міністэрстве аховы здароўя прадстаўнікі міністэрства папярэдзілі, што аналітычныя лабараторыі спыняюць прыём на аналіз лекавых сродкаў, якія маюць беларускія аналагі.

Лекавыя сродкі, якія паступаюць на тэрыторыю Беларусі да моманту паступлення ў рэалізацыю, праходзяць праверку якасці ў выпрабавальных лабараторыях на адпаведнасць патрабаванням, якія зарэгістраваныя ў нарматыўных дакументах вытворцы.

"Фактычна гэта забарона на продаж, так як без экспертызы лекі немагчыма выпусціць у абарачэнне. Гэта новы віток барацьбы з імпартам у медыцыне. Пры чым сам увоз нібыта не забаронены - але сэнс увозіць, калі не можаш прадаць", - паведаміла крыніца.

"Як звычайна, усё было толькі вусна, ніякага дакумента прадастаўлена не было", - дадала крыніца.

Дэфіцыт імпартных лекаў у Беларусі назіраецца ўжо некалькі месяцаў. Напрыклад, сёння начальніку аддзела лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Наталлі Малашка давялося супакойваць беларусаў з-за перабояў з супрацьпухліннымі лекамі, у прыватнасці прэпарата "Герцэпцін".

"У Беларусі дастаткова проціпухлінных лекаў. Прэпарат "Герцэпцін" ёсць і на складзе "Белфармацыі", і ў РНПЦ анкалогіі. Ужо заключаная новая дамова на яго пастаўку. Гэта адзін з дарагіх лекаў, пасля якога няма чаго асабліва прызначаць, калі яно не працуе", - сказала Наталля Малашка.

У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя атрымаць афіцыйную інфармацыю charter97.org не ўдалося.

«Я не магу гэтага патлумачыць, таму што, па-першае, я не была на гэтай нарадзе дыстрыб'ютараў. Па-другое, даручэння падрыхтаваць прэс-рэліз па гэтай праблеме мне не было. Па-трэцяе, сёння была прэс-канферэнцыя ў грамадскім прэс-цэнтры па медыцынскім абслугоўванні і лекавым забеспячэнні, дзе прысутнічаў дырэктар упраўлення інфармацыяй, усе зацікаўленыя журналісты і прадстаўнікі ўпраўлення па фармацэўтычнай інспекцыі і лекавым забеспячэнні Міністэрства аховы здароўя. Таму ўсе журналісты, якія цікавіліся гэтым пытаннем, прыйшлі на гэтую канферэнцыю. Калі ў вас ёсць нейкае канкрэтнае пытанне, якое вы б хацелі задаць Міністэрству аховы здароўя, можаце напісаць афіцыйны запыт», - сказала выконваючая абавязкі прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Вольга Бартман.

Як паведамляў наш сайт раней, Мінздраў не ў першы раз спрабуе штучна закрыць доступ замежных лекаў на беларускі рынак. Так, у сярэдзіне лістапада 2013 года, калі краіна знаходзілася на мяжы дэфолту і поўнамаштабнага валютнага крызісу, Мінздраў выступіў з нефармальнай ініцыятывай па поўнай забароне імпарту лекаў.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках