2 траўня 2024, Чацвер, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяўчыны масава запісваюцца ў жаночую сотню Майдана (Відэа)

6

Кожны дзень да актывістаў паступаюць 20-30 запытаў ад жадаючых далучыцца да арганізацыі.

Жаночая сотня самаабароны Майдана - бадай, адзін з самых яскравых «трэндаў» рэвалюцыйнага Кіева апошніх дзён, якія абмяркоўваюцца. Шматлікія ўкраінцы памылкова ўяўляюць яе удзельніц, як ваяўнічых «байцоў» у камуфляжы і касках, гатовых у любы момант даць адпор «цітушкам» ці нават «Беркуту». Журналісты вырашылі даведацца, ці маюць такія ўяўленні нешта агульнае з рэчаіснасцю, пагутарыўшы з актывісткамі гэтай арганізацыі і наведаўшы заняткі па самаабароне для дзяўчын, арганізаваныя паводле ініцыятывы Жаночай сотні, піша «Сёння».

Як распавяла актывістка Руслана Панухнік, ідэя стварыць Жаночую сотню ўзнікла адносна нядаўна - усяго ля тыдня таму. Зараз арганізацыя распрацоўвае некалькі напрамкаў дзейнасці. «Гэта і курсы самаабароны, і «асветніцкі» кірунак - правядзенне лекцый, дыскусій, паказы фільмаў. Акрамя таго, плануем арганізаваць службу псіхалагічнай дапамогі і маніторынг РАУС. Часта міліцыя затрымлівае людзей, а родныя і блізкія не ведаюць, куды павезлі і дзе ўтрымліваюць іх сваяка. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні арганізуем дзяжурства перад аддзяленнямі міліцыі», - кажа актывістка.

Са слоў Русланы Панухнік, зараз Жаночая сотня налічвае 30 актывістак, усе яны штодня працуюць над развіццём гэтай ініцыятывы. Сярод удзельніц - як кіянкі, так і дзяўчыны з іншых рэгіёнаў.

«Існуе памылковае меркаванне, што Жаночая сотня - гэта абавязкова ваенізаваная баявая арганізацыя. Трэба разумець, што Майдан - гэта не толькі «стаянне» на барыкадах і дапамога на кухні. Мы даем магчымасць кожнай жанчыне рэалізаваць сябе ў тых сферах дзейнасці, у якіх яны адчуваюць сябе найбольш упэўнена. Можна ўладкавацца валанцёркай у пункт прававой дапамогі, у бібліятэку, перакладчыцай тэкстаў, весці старонкі ў сацыяльных сетках. Хоць, вядома, сярод нас ёсць і жадаючыя несці службу «па-мужчынску» - на барыкадах, - кажа актывістка, - але гэтае пытанне яшчэ трэба ўзгадніць з камендантам Еўрамайдана».

Жаночая сотня не адчувае недахопу навабранцаў. Кожны дзень да Русланы паступаюць 20-30 запытаў ад жадаючых далучыцца да арганізацыі, тэлефон літаральна разрываецца ад званкоў, а старонка Жаночай сотні ў «Фэйсбуку» ўжо сабрала больш за 900 падпісчыкаў.

Курсы самаабароны для дзяўчат

Арганізаваць заняткі па самаабароне актывісткі Жаночай сотні наважылі праз даволі высокую запатрабаванасць і попыт.

«Да нас часта звярталіся дзяўчыны з Майдану і цікавіліся, ці магчыма «прыдумаць» што-небудзь падобнае. Паколькі адна з нашых актывістак - майстар баявых мастацтваў, якая з задавальненнем пагадзілася весці бясплатныя заняткі, то пытанне такім чынам і вырашылася», - кажуць яны.

Актывісткі таксама патлумачылі, што Жаночая сотня пазіцыянуе сябе як негвалтоўную арганізацыю, таму галоўная мэта такіх курсаў - самаабарона.

«У першым, выпрабавальным, уроку ўзялі ўдзел дзесяць дзяўчын. Потым мы правялі апытанне на нашай старонцы ў «Фэйсбуку»: даведаліся, што колькасць жадаючых займацца вырасла да 40 чалавек. Прычым сярод іх былі як дзяўчыны, якія ніколі раней не займаліся спортам, так і чэмпіёнкі ў боксе», - усміхаецца Руслана Панухнік.

Са слоў актывісткі, галоўны клопат цяпер - знайсці пастаяннае памяшканне для заняткаў.

«Першы ўрок мы правялі ў холе Украінскага дома, але там, самі разумееце, месца не вельмі зручнае. Цяпер вось неабыякавыя кіяне на адзін занятак бясплатна прадставілі спартзалу. Далей будзем думаць, дзе ўзяць сродкі, каб арандаваць для нашых курсаў самаабароны памяшканне на пастаяннай аснове. Спадзяемся, праблема бліжэйшым часам будзе развязаная - некаторыя плацежаздольныя кіянкі ўжо выказалі жаданне спансаваць гэтую ініцыятыву».

«Трэба быць гатовымі да фізічнага ўздзеяння»

Вучыць дзяўчат асновам самаабароны ўзялася актывістка Еўрамайдану і адна з арганізатараў Жаночай сотні Аксана Шаўчэнка. Аксана - прафесійная спартоўка, майстар спорту па дзюдо, самба і вольнай барацьбе.

«Ідэя такіх курсаў самаабароны заключаецца ў тым, каб дзяўчаты не баяліся пастаяць за сябе. У жыцці бываюць розныя сітуацыі, трэба быць да іх гатовымі. Многія жанчыны хочуць вучыцца навыкам самаабароны, ёсць такая неабходнасць - асабліва зараз. У першую чаргу, буду вучыць таму, каб тыя, што займаюцца, псіхалагічна былі гатовыя да таго, што на іх могуць уздзейнічаць фізічна. Гэта галоўнае. Пакуль працуем толькі з жанчынамі, у далейшым жа плануем набіраць таксама змешаныя групы», - распавяла Аксана Шаўчэнка.

На другім занятку па самаабароне ўзялі ўдзел 13 дзяўчын. Не ўсе з іх з'яўляюцца чальцамі Жаночай сотні і актывісткамі Еўрамайдану, але, прынамсі, у поўнай бяспецы сябе не адчуваюць. «Наважыла займацца, бо мне надакучыла баяцца. Чалавек павінен быць моцным духам, але калі чалавек слабы фізічна, то ў пэўны момант можа апынуцца ў бездапаможнай сітуацыі. Не хачу здымаць сіне-жоўтую стужачку з заплечніка толькі таму, што нейкія неадэкватныя людзі захочуць мне «растлумачыць», што ім не падабаецца Майдан. Буду займацца, пакуль не дасягну выніку», - сказала студэнтка Марыя.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках