Кэтрын Эштан: Баланс улады ва Украіне павінен быць зменены
7- 12.02.2014, 21:27
- 6,753
Украіне патрэбная доўгатэрміновая праграма правядзення рэформы Канстытуцыі краіны, якая прычыніцца да змены балансу ўлады.
Пра гэта заявіла вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі, Кэтрын Эштан, выступаючы 11 лютага ў камітэце замежных спраў Еўрапарламэнта, піша gazeta.ua.
Галоўная дыпламатка ЕЗ сказала, што Ўкраіне важна вярнуцца да Канстытуцыі 2004 года і, у прыватнасці, развязаць пытанне аб звужэнні паўнамоцтваў генеральнага пракурора Ўкраіны.
Кажучы аб увядзенні санкцый супраць службовых асоб, вінаватых за ўжыванне гвалту ў дачыненні да дэманстрантаў, Кэтрын Эштан падкрэсліла, што ні адзін з варыянтаў не зняты з парадку дня і дала зразумець, што Еўропа можа выкарыстоўваць розныя метады ціску.
Са слоў галоўнай дыпламаткі ЕЗ, яна паведаміла пра гэта і прэзідэнту Ўкраіны Віктару Януковічу падчас іхняй апошняй сустрэчы. Якія канкрэтна гэта будуць метады ціску, Эштан дыпламатычна прамаўчала.
Акцыі пратэсту ў Украіне пачаліся ў лістападзе летась пасля адмовы ўраду краіны падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕЗ. Пасля спроб гвалтоўнага разгону Еўрамайдана пратэсты выбухнулі з новай моцай і распаўсюдзіліся практычна на ўсе рэгіёны. У сярэдзіне студзеня адбыліся самыя жорсткія сутыкненні паміж спецвойскамі і дэманстрантамі, ахвярамі якіх сталі чатыры чалавекі, у тым ліку беларус Міхаіл Жызнеўскі.