4 траўня 2024, Субота, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сочы апладзіруе слаламу скрыпачкі Ванэсы Мэй

5
Сочы апладзіруе слаламу скрыпачкі Ванэсы Мэй

У аўторак на алімпійскую трасу Сочы выйшла сусветна вядомая брытанская скрыпачка Ванэса Мэй.

Яна бярэ ўдзел у спаборніцтве гарналыжніц у дысцыпліне слалам-гігант, паведамляе BBC.

Ванэса прадстаўляе зборную Тайланда, выступае пад прозвішчам свайго бацькі - Ванакорн - і наогул спрабуе не прыцягваць да сябе асаблівай увагі.

Але калі яна пачала свой спуск, трыбуны ўзарваліся авацыямі: многія прыехалі ў гэтую раніцу ў горны кластар, на Ружа-Хутар, спецыяльна дзеля яе, нягледзячы на ранні час і мокры снег.

Пасля першай спробы Ванеса паказала апошні, 74-ы вынік, але гэта не знервавала ні яе саму, ні яе прыхільнікаў. Яна пакінула трасу ў выдатным настроі і пад гром апладысментаў.

Наперадзе другая спроба. Магчыма, яна будзе перанесеная, калі ў бліжэйшыя гадзіны надвор'е ў гарах пагоршыцца.

Далікатная і пазітыўная

Ванэса Мэй-Ванакорн займаецца горнымі лыжамі з самага дзяцінства, але, вядома, не можа скласці канкурэнцыі сусветнай эліце гарналыжнага спорту.

Аднак, па словах іншых спартсменак, яе прысутнасць на Алімпіядзе стварае за межамі трасы асаблівую атмасферу.

"Мы ўсцешаныя, што яна тут, з намі. Яна выпраменьвае масу пазітыўных эмоцый, з ёй лёгка і прыемна", - сказала трохразовая алімпійская чэмпіёнка, легенда гарналыжнага спорту немка Марыя Хофл-Рыш.

Па словах шматлікіх спартсменак, яны не чакалі, што Ванэса Мэй апынецца такой маленькай. Сапраўды, тайландка з'яўляецца самай невысокай і далікатнай удзельніцай дысцыпліны гіганцкі слалам.

Сама Ванэса пакуль ніяк не каментуе ход Гульняў, але абяцае пагутарыць з журналістамі пасля завяршэння спаборніцтваў.

Скрыпачка на лыжах

У адпаведнасці з алімпійскімі правіламі, краіны, чые лыжнікі не ўваходзяць у першыя пяць сотняў сусветнага рэйтынгу, могуць адправіць на Гульні аднаго спартсмена і адну спартсменку для ўдзелу ў слаламе і гіганцкім слаламе, калі яны адпавядаюць спецыяльна ўстаноўленым дадатковым крытэрам.

У Тайландзе няма лыжнікаў, якія ўваходзяць у лік першых 500 ні па адной з альпійскіх дысцыплін. Каб трапіць на Алімпіяду, Ванэсе Мэй неабходна было набраць у сярэднім не больш за 140 балаў у пяці кваліфікацыйных заездах. Спартсмены набіраюць балы ў зваротным парадку - так што чым ніжэй лічба, тым лепш.

Ванесе атрымалася пераадолець адзнаку ў 140 балаў за кошт серыі ўдалых заездаў, здзейсненых запар на спаборніцтвах па гіганцкім слаламе ў Славеніі.

Скрыпачка яшчэ ў 2010 годзе заявіла пра сваё жаданне ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях у Сочы.

"Я заўсёды марыла пра гэта, - сказала яна тады ў інтэрв'ю газеце Daily Telegraph. - Вядома, я брытанка, але я разумею, што пры ўсім жаданні не змагу прадстаўляць сваю краіну, аднак мой бацька - таец, і таму яны прынялі мяне".

Фота: Reuters

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках