4 траўня 2024, Субота, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі ўрад дазволіў разгружаць склады ў страту

29
Беларускі ўрад дазволіў разгружаць склады ў страту

Дзяржаўным прадпрыемствам дазволена ў выключных выпадках прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт.

Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў № 123 ад 13 лютага 2014 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша БелаПАН.

Згодна з дакументам вытворцы маюць права "прадаваць прадукцыю па зніжаных з улікам кан'юнктуры рынку коштах (тарыфах), узровень якіх складаецца ніжэй за сабекошт, у тым ліку з улікам прадастаўленых скідак, на ўнутраным і знешнім рынках". Арганізацыям, якія ажыццяўляюць аптовы і (або) раздробны гандаль можна прадаваць тавары беларускай вытворчасці па зніжаных "з улікам кан'юнктуры рынку коштах, узровень якіх складаецца ніжэй коштаў іх набыцця".

Рашэнне аб распродажы ніжэй за сабекошт можа прыняць кіраўнік прадпрыемства-вытворцы прадукцыі, але толькі ў выпадку "захавання станоўчага ўзроўню рэнтабельнасці продажаў у цэлым па арганізацыі-вытворцу з пачатку справаздачнага перыяду (года) і (або) рэалізацыі прадукцыі на таргах Беларускай універсальнай таварнай біржы". У выпадку бягучай страты вытворцы неабходна атрымаць дазвол на распродаж у вышэйстаячым ведамстве.

"Прыняцце рашэння павінна грунтавацца на эканамічным абгрунтаванні мэтазгоднасці рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці па коштах (тарыфах) ніжэй за сабекошт, які ўключае інфармацыю аб фінансавым становішчы гэтай арганізацыі, рэнтабельнасці продажаў з пачатку бягучага года, ацэнцы прапанаваных да рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, мерапрыемствах па зніжэнні выдаткаў на іх вытворчасць (выкананне, аказанне), а таксама інфармацыю аб кан'юнктуры рынку, параўнальным аналізе коштаў (тарыфаў) на аналагічныя тавары (работы, паслугі), у тым ліку з выкарыстаннем прайс-лістоў, іншых крыніц інфармацыі", - гаворыцца ў дакуменце.

Для ўзгаднення распродажу з вышэйстаячым ведамствам прадпрыемства-вытворца абавязана падаць: "пералік тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, прапанаваных да рэалізацыі па коштах (тарыфах) ніжэй за сабекошт, эканамічнае абгрунтаванне мэтазгоднасці рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці па коштах (тарыфах) ніжэй за сабекошт, якое ўключае інфармацыю аб фінансавым становішчы арганізацыі, рэнтабельнасці продажаў з пачатку бягучага года, ацэнку прапанаваных да рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, мерапрыемствы па зніжэнні выдаткаў на іх вытворчасць (выкананне, аказанне), а таксама інфармацыю аб кан'юнктуры рынку, параўнальным аналізе коштаў (тарыфаў) на аналагічныя тавары (работы, паслугі), у тым ліку з выкарыстаннем прайс-лістоў, іншых крыніц інфармацыі".

Пастанова ўступае ў сілу з моманту апублікавання і дзейнічае да 1 студзеня 2015 года.

Дарэчы, за першы месяц гэтага года складскія запасы на беларускіх прадпрыемствах павялічыліся на 3,88 трлн. рублёў. Паводле інфармацыі БелаПАН, на 1 лютага гэты паказчык дасягнуў 78,2% месячнага аб'ёму прамвытворчасці супраць 70,2% на 1 студзеня. Агульны аб'ём складскіх запасаў на 1 лютага склаў 31,84 трлн. рублёў (на 1 студзеня 2014 года – 27,96 трлн. рублёў).

Студзеньскі рост складскіх запасаў шмат у чым абумоўлены сітуацыяй у прамысловасці. Так, у арганізацыях, падведамных Мінпраму, складскія запасы за першы месяц гэтага года павялічыліся на 1,78 трлн. рублёў і на 1 лютага дасягнулі 12,08 трлн. рублёў.

Рост складскіх запасаў у студзені адбыўся на прадпрыемствах ва ўсіх рэгіёнах краіны. У прыватнасці, у Менскай вобласці складскія запасы дасягнулі 125,2% да месячнага аб'ёму прамвытворчасці (супраць 111,6% на 1 студзеня), у Менску - 117,3% (на 1 студзеня - 98,5%), у Магілёўскай вобласці - 94,7% (на 1 студзеня - 76%), у Брэсцкай вобласці 79,4% (на 1 студзеня - 76,6%), у Гродзенскай вобласці - 77,6% (на 1 студзеня - 68,4%), у Гомельскай вобласці - 39,2% (на 1 студзеня - 37,3%), у Віцебскай вобласці - 35,1% (на 1 студзеня - 32,4%).

Варта таксама адзначыць, што паводле апытання, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Мінэканомікі сярод прамысловых прадпрыемстваў, у снежні 2013 года сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі скараціўся да 2,4 месяцы працы. З лютага 2011 года гэта найменшы паказчык забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі.

У ходзе апытання прамыслоўцы прагназавалі далейшае зніжэнне ўнутранага і экспартнага попыту на іх прадукцыю ў пачатку 2014 года.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках