3 траўня 2024, Пятніца, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Шаршун: Наш сцяг быў усюды, і было добра

8
Віктар Шаршун: Наш сцяг быў усюды, і было добра

Збіты за бел-чырвона-белы сцяг пенсіянер чакае суда.

Віктар Шаршун апантана шукае інфармацыю пра гісторыю бел-чырвона-белага сцяга, вывешвае нацыянальны сімвал на балконе кватэры і на лецішчы, перадае «Радыё Свабода».

Пасля інцыдэнту, калі міліцыянты ўварваліся ў кватэру Віктара Шаршуна, вывалаклі яго на лесвічную пляцоўку, забралі сцяг, збілі і адвезлі ў пастарунак, была заведзеная адміністрацыйная справа. Не на міліцыянтаў, якія збілі інваліда, а на яго самога.

Віктар Шаршун абвінавачваецца па арт. 23.4 (непадпарадкаванне распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы) КаАП Рэспублікі Беларусь.

Зараз Віктар чакае позвы ў суд. Тым часам, ён распавёў пра сваё жыццё, хобі і валанцёрскую дзейнасць.

Як бел-чырвона-белы стаў сваім

Віктар Шаршун распавёў, што толькі нядаўна пачаў знаёміцца з гісторыяй бел-чырвона-белага сцяга.

«У канцы мінулага года я даведаўся, што ўладамі разглядаецца пытанне аб тым, каб надаць сцягy статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тады ж я даведаўся, што яшчэ ў пачатку 90-х гадоў гэты сцяг быў дзяржаўным і Лукашэнка пад ім прымаў прысягу. Усюды ён быў, і ўсё было добра. Пасля чамусьці ён знік. Я нават яшчэ не знайшоў інфармацыі, з-за чаго гэта здарылася», - кажа мужчына і дадае, што быў бы вельмі ўдзячны за любую літаратуру аб сцягу.

«Такі сцяг у мяне на лецішчы пастаянна вісіць. Там яго ніхто не кранае. А ў Менску ўпершыню я вывесіў яго 19 снежня 2013 года. Тады сцяг правісеў тыдзень, затым таемна знік. Я думаю, што да яго дацягнуліся з ніжняга паверха, з даху крамы. Тады сцяг вельмі нізка вісеў, дрэўка зламалі. Пасля я некаторы час не быў у горадзе. А калі вярнуўся, то набыў новы сцяг і павесіў яго па-іншаму, каб немагчыма было дастаць. Пакуль былі маразы, усё спакойна было. А як пацяплела, то, мабыць, камусьці стала нязручна глядзець на яго», - кажа пенсіянер.

Палітычныя сімпатыі

Ні да якіх палітычных арганізацый Віктар Шаршун не належыць. Кажа, што ёсць адзін чалавек у дэмакратычным асяроддзі, які выклікае давер, але назваць прозвішча палітыка не адважваецца. Затое на акцыях, якія праводзіць апазіцыя, ён - пастаянны ўдзельнік.

«Сцяг я вывесіў, вядома, не выпадкова. Справа ў тым, што я разам са сваім сябрам, інвалідам-калясачнікам, наведваю апазіцыйныя акцыі. Хаджу на «Чарнобыльскі Шлях», іншыя вулічныя акцыі, каб дапамагчы гэтаму сябру перамяшчацца на калясцы».

Інвалід

Віктар Шаршун - таксама інвалід. Чатыры пальца на левай руцэ ён страціў яшчэ ў 1991-ым, працуючы на станку ў кааператыве. Далі трэцюю групу. Распавядае, што яшчэ паўтара года прыйшлося судзіцца з кіраўніцтвам, так як яны хацелі даказаць, што ён сам вінаваты. Але цяпер атрымлівае тры мільёна семсот тысяч кампенсацыі за шкоду здароўю. А дапамога па інваліднасці ад дзяржавы - 155 тысяч.

Не ўзялі плітачнікам

Віктар Шаршун хоча працаваць, але апынулася, што для інваліда трэцяй групы гэта праблема: «З маёй групай я не мог знайсці працу, якая мне падабаецца. Мяне не пускалі. Я хацеў працаваць маляром, плітачнікам або тынкоўшчыкам, але па розных бюракратычных правілах мяне не маглі ўзяць на гэтую працу, якую я б мог і хацеў выконваць. У іншых краінах людзі з такой жа групай інваліднасці могуць працаваць, дзе яны хочуць. А ў нас - не. Калі я шукаў працу, мне прапаноўвалі толькі пасады вартаўніка, дворніка, ахоўніка або кладаўшчыка».

Валанцёр

15 гадоў Віктар Шаршун актыўна дапамагаў у рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў на зборах і лагерах.

«Паступова гэта справа ў нас у краіне заглухла. Не было каму гэтым займацца, або сродкаў на гэтую справу няма. Таксама стала вельмі цяжка атрымліваць гуманітарную дапамогу. Калісьці дапамагала шведская арганізацыя, перадавала каляскі, медыцынскае абсталяванне. А цяпер стала вельмі цяжка. Таксама перасталі арганізоўваць лагеры актыўнай рэабілітацыі, якія праводзіліся, напрыклад, у Барысаве», - распавядае Віктар.

«Калі дапамагаеш інваліду, то трэба псіхалагічна і фізічна пастаянна быць з чалавекам. Дапамагаць яму, абараняць яго падчас заняткаў, калі ён пераадольвае розныя перашкоды. Трэба быць побач з чалавекам, калі ён, напрыклад, вучыцца самастойна апранаць шкарпэткі. Гэта вельмі доўгі працэс і вельмі складаны. На маіх вачах чалавек, які апранаў шкарпэткі дзве гадзіны, навучыўся гэта рабіць за хвіліну», - успамінае Віктар вопыт удзелу ў рэабілітацыйных лагерах.

Цяпер ён адышоў ад актыўнай дапамогі інвалідам: у самога праблемы са здароўем, на яго месца прыйшлі больш маладыя. Але кажа, што ніколі не адмаўляецца ад гэтай справы. І заўсёды гатовы дапамагчы, чым можа.

Абаронца жывёл

Дапамагае Віктар і бяздомным жывёлам.

«Я не член якіх-небудзь дабрачынных арганізацый. Дапамагаю за свой кошт, чым магу і як магу. Я лічу, што абарона жывёл у нашай краіне - пытанне апошняе. Ніхто не выконвае правілы абыходжання з імі, няма законаў, якія караюць за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Калі актывісты падпісваюць звароты да кіраўніцтва краіны, ніякіх адказаў не прыходзіць. Я ведаю, што ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць жывёлам, але я супрацоўнічаю з іх валанцёрамі праз трэція рукі, самі арганізацыі не падтрымліваю», - распавёў Віктар Шаршун.

Без тэлевізара

Любімы занятак пенсіянера ў вольны час - чытанне.

«Апошняя кніга, якую я прачытаў, была пра жыццё Яна Паўла II. Мне яе падарылі ў касцёле. Таксама з апошняга - невялікая брашура аб падарожжах па Беларусі.

Алімпіяду не гляджу. Нават адкрыццё не глядзеў. Па-першае, тэлевізар такі, то паказвае, то не паказвае. Але я яго практычна і не ўключаю. Навіны, у тым ліку і пра Алімпіяду, чытаю ў інтэрнэце», - распавядае Віктар.

Цяпер ён чакае позвы ў суд. На мінулым тыдні ён атрымаў даведку са станцыі хуткай дапамогі аб тых траўмах, якія нанеслі яму міліцыянты.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках