4 траўня 2024, Субота, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі Гародні: Хутка Лукашэнка закрые межы, як у КНДР

10
Прадпрымальнікі Гародні: Хутка Лукашэнка закрые межы, як у КНДР

Новыя ўмовы працы ІП ставяць бізнэс на мяжу знікнення.

На гарадзенскіх рынках занепакоеныя ўвядзеннем дзяржавай новых суправаджальных дакументаў на тавар, які ўвозіцца ў краіну, паведамляе «Радыё Свабода».

Занепакоенасць у гарадзенскіх прадпрымальнікаў узнікла пасля таго, як на мінулым тыдні на рынку з'явіліся кантралёры і пачалі высвятляць, хто з прадпрымальнікаў зможа працаваць ва ўмовах поўнай сертыфікацыі свайго тавару.

Абмяркоўваючы сітуацыю, прадпрымальнікі не бачаць выйсця для свайго бізнэсу. Адзін з іх кажа, што тлумачыў кантралёрам, што са сваімі аб'ёмамі тавару прадставіць сертыфікат ён фізічна не можа. Тыя нібыта разумеюць сітуацыю.

«У мяне швэдры жаночыя аднолькавыя па дзве ці тры штукі, максімум пяць, і больш я іх не павязу. Кантралёрка мне сказала, што разумее, што ўсе дакументы мы проста фізічна не можам зрабіць», - кажа мужчына.

«Рэальна атрымаць сертыфікат у маскоўскай фірме, калі ты набіраеш тавару на 100 тысяч даляраў. А на рынку, які ў Расеі дзейнічае таксама законна, ніякіх дакументаў ніхто не выдае. Можна купіць фальшывыя сертыфікаты за 300 рублёў, але калі іх тут знойдуць, то крымінальная адказнасць і канфіскацыя ўсяго тавару», - тлумачыць іншы прадпрымальнік.

Яшчэ адзін прадпрымальнік кажа, што на малую частку тавараў яны ўжо зараз прымаюць законныя сертыфікаты, але гэта дробязь, бо на большасць тавараў іх даць не могуць. І новыя правілы пазбавяць пакупнікоў як раз танных тавараў.

«Бо робіцца гэта ўсё ў Кітаі і ідзе па чорных зонах, фірмы там таксама незарэгістраваныя. А ў расейцаў, адкуль мы прывозім гэты тавар, такога да 60%», - дадае ён.

«Думаю, што на гэтым можа і скончыцца наш бізнэс, бо мы не настолькі буйныя прадпрымальнікі, каб справіцца з тым тузінам дакументаў, які ад нас патрабуюць. Мы ні фізічна, ні фінансава не можам іх атрымаць», - падсумоўвае нашу гутарку жанчына, якая гандлюе жаночай вопраткай.

«У лепшым выпадку прадаеш гэта за свае грошы, каб хоць нешта вярнуць. Вось, бачыце, колькі пустых месцаў? Большасць адпачынак узялі альбо працуюць толькі ў выходныя, пазбаўляюцца зімовых рэчаў, каб не залежваліся. А заробкаў практычна няма. Вось такі бізнэс», - кажа яшчэ адна жанчына, паказваючы на пустыя гандлёвыя шэрагі.

«У нас у Гародні вельмі многія пакідаюць рынак. Вось побач пустыя месцы: Валянціна Дзмітрыеўна кінула, а вось тут Люба працавала і таксама пайшла. Умовы вельмі жорсткія становяцца. Нават калі ўзяць сацыяльнае страхаванне, то за бальнічныя плацяць капейкі, што не захочаш і хварэць. Ды вось мая жонка кінула гандаль і пайшла працаваць за два мільёны, бо не захацела такога шчасця тут», - кажа мужчына.

Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што за гады існавання рынку прыйшлося ўжо перажыць магчымае і немагчымае. Успамінае, што многія кінулі рынак, нават прадалі кватэры і ўжо доўгі час жывуць і працуюць у іншых краінах. А тыя, хто яшчэ застаўся, чакаюць канчатковага ўказу Лукашэнкі.

«Карацей, адным указам можна вярнуць закон аб спекуляцыі, які існаваў у Савецкім Саюзе, і ўсе перастануць працаваць. Тут усё магчыма, нават тое, што праз некалькі гадоў можа быць, як у Паўночнай Карэі, могуць і межы перакрыць. Бо ў нас усё робіцца адным указам. Дастаткова толькі, каб Пётр Пракаповіч або яшчэ хтосьці на вуха нашаптаў - і ўсё можа стаць рэальнасцю», - падвёў вынік прадпрымальнік.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках