4 траўня 2024, Субота, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чайку» студыі «Fortinbras» паказалі насуперак рамонтам

Тэатральная лабараторыя «Fortinbras», якая дзейнічае пры Беларускім Свабодным тэатры, павінна была выступіць у межах «ПлаSтформы» 14 лютага.

Але ДК Чыгуначнікаў нечакана закрылі на «рамонт». Акторы наважылі не здавацца, і знайшлі новую пляцоўку для выступу, на якую трапіла абмежаваная колькасць гледачоў, якія папярэдне запісаліся на паказ па тэлефоне. «Дзверы» таксама патрапілі ў іх лік.

Фота: Юлія Шаблоўская
Фота: Юлія Шаблоўская

Пра тое, што ДК Чыгуначнікаў 13 і 14 лютага закрываюць на рамонт, стала вядома 12-га. Гэта значыць, у самы разгар форуму. Акторы едуць з іншых гарадоў, адзін актор нават з Польшчы, квіткі набытыя, а тут нечаканы рамонт. Чаму ён не мог пачакаць хаця б да выходных, тлумачылася тым, што гэтыя дні нязручныя для рамонтнай кампаніі. «Прарвала цепласетку, якія ж могуць быць спектаклі», - наракаў дырэктар ДК Аляксандр Кулага. Але гэта ніяк не адбівалася на працы сцэнічнай пляцоўкі. Да таго, што ў зале пастаянныя праблемы з ацяпленнем, гледачы даўно прызвычаіліся. Ратаваліся курткамі і глядзелі спектаклі.

І калі 13 лютага арганізатарам фестывалю яшчэ ўдалося адстаяць, то ўдзельнікаў 14-га прыйшлося размяркоўваць на іншыя дні. Пры гэтым прымеркавацца да новага графіка не атрымалася ў гурта сучаснай харэаграфіі «Quadro» з Гомеля, а выступы астатніх калектываў прыйшлося сціснуць у часе.

Аб пераносе пастаноўкі «Fortinbras» не гаварылася ні слова. Іх быццам і не было ў афішы. Не хацелася зноў уключаць паранойю, але большасці і без тлумачэнняў было зразумела, што справа тут далёка не ў рамонце.

Але акторам Свабоднага тэатра і іх выхаванцам да гэтага не прывыкаць. Любоў праваахоўных органаў да іх настолькі вялікая, што яны імкнуцца не прапускаць ні аднаго іх паказу. Не прывыкаць ім і да таго, што ў Беларусі іх асноўныя пляцоўкі - гэта невялікія памяшканні з абмежаванай змяшчальнасцю для гледачоў. Была магчымасць нарэшце выступіць на афіцыйнай вялікай пляцоўцы ДК, але яе адабралі.

Фота: Юлія Шаблоўская

Каля трыццаці гледачоў у выніку трапілі на практычна прэм'ерную «Чайку», рэжысёркай якой выступіла Марыя Сазонава. Упершыню «Fortinbras» паказаў «суб'ектыўную галюцынацыю руху целаў па матывах п'есы Чэхава» ў ліпені 2013 года, але гэта быў, хутчэй, «міжсабойчык» для сяброў і знаёмых.

Пяць актораў у чорна-белай вопратцы, павернутых спінамі, сустрэлі нас у камерным памяшканні. Менавіта яны і сталі асноўнымі апавядальнікамі п'есы Антона Паўлавіча. Эфект шматгалоснасці твора, раўнапраўе герояў тут толькі ўзмацнілася. Акторы проста прамаўлялі-выкрыквалі асноўныя фразы, то ў адзіночку, то хорам. Зразумець увесь сюжэт (калі ты не чытаў «Чайку») у такім выпадку становіцца практычна немагчыма, але цалкам рэальна ўлавіць асноўныя пасылы з прапанаваных акцэнтаў.

- Чайку б! Чайкі б!

- Купацца пойдзем!

- Застрэліўся!

Гэтыя фразы часцей за ўсё гучалі ў прасторы і аселі ў галаве пасля прагляду. Усе яны цалкам ілюстравалі тыя тэмы, якія заклаў яшчэ драматург: дысгармоніі паміж нізкім і высакародным, незадаволенасці жыццём і безвыходнасці. Словы прагаворваліся на мяжы эмацыйнага зрыву, на мяжы слёз, крыку, адчаю. Станавілася зразумела, што з героямі «что-то не так».

Фота: Юлія Шаблоўская

Чорна-белы камплект адзення пры гэтым з лёгкасцю трансфармаваўся ў чысты чорны. І з інтэлігентнага маладога чалавека атрымліваўся нябожчык, а ў паветры лунала жалоба.

Дадатковы шумавы і візуальны эфект усяму гэтаму надавалі металічныя вёдры. У іх стукалі, у іх хаваліся. У іх, як мне здалося, «збіралі» выцякаючую з персанажаў кроў і ваду як сімвалы жыцця. Не ведаю, ці глядзелі акторы пастаноўку «Кашкін» эксперыментальнага тэатра «Галава-нага», але ў іх там таксама так жа выкарыстоўваюцца вёдры. І выказванні шмат у чым сумежныя. Толькі ў выпадку з «Галавой-нагой» - гэта суб'ектыўныя рэплікі пра тое, што іх раздражняе і як гэта прыводзіць да агрэсіі. Чэхаўскі жа варыянт развіваецца па прынцыпе незадаволенасці жыццём увогуле. У гонцы за лепшым адзін здаецца, а іншы знаходзіць сілы шукаць далей.

Атмасферу ў спектаклі рабілі гукі варгана, там-тама і дарбукі. Дзяўчына-індзеец зачытвае міні-лекцыі аб эвалюцыі і сіндроме «Адэлі» (прасцей - любоўным вар'яцтве). Асабіста мяне гэты вобраз адразу адсылае да Багіні з косамі - галоўнага бажаства індзейцаў, якое адначасова ўвасабляе і неба, і зямлю, і жыццё, і смерць. Увогуле, гэта зусім не славянскае прачытанне, але з іншага боку, якая розніца да якой этнамоўнай супольнасці ты належыш. Праблемы ва ўсіх падобныя.

Адразу дзве чайкі ўплятаюцца ў асноўнае дзейства працяглым танцам. І гэты харэаграфічны дыялог становіцца ілюстрацыяй любоўнай лініі, якая праходзіць і праз усю п'есу, і праз спектакль. Не ўзаемнае, вар'яцкае, бязлітаснае - гэта ўсё пра яе, пра каханне. Дзеянне гэтай сцэны ўзмацняецца тым, што на календары 14 лютага - Дзень усіх закаханых.

Фота: Юлія Шаблоўская

У «Чайцы» Чэхава ад безвыходнасці сябе застрэліў толькі Трэплёў. У новай беларускай «Чайцы» два пальцы ў горла засунулі ўсе героі. «Яны згвалтавалі Чэхава», - абуралася дзяўчына Алеся. Так, наўрад ці Чэхаў думаў, што яго будуць ставіць так. Але ён зноў і зноў гучыць са сцэны, і зноў актуальны. Настолькі, што камусьці хочацца яго забараняць.

Медзвядзенка

- Чаму вы заўсёды ходзіце ў чорным?

Маша

- Гэта жалоба па маім жыцці.

Чэхаў Антон Паўлавіч «Чайка»

Фота: Юлія Шаблоўская
Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках