3 траўня 2024, Пятніца, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дываны Брэста» пройдуць праз працэдуру банкруцтва

18
«Дываны Брэста» пройдуць праз працэдуру банкруцтва

(абноўлена - 21:10) Крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складае блізу 26,5 млрд рублёў.

Нягледзячы на пратэсты шэраговых акцыянераў ААТ «Дываны Брэста», у эканамічны суд вобласці адпраўленае хадайніцтва прызнаць гэта прадпрыемства неплатаздольным.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, адпаведная пастанова была прынятая на сходзе акцыянераў, хоць супраць такога хадайніцтва прагаласавала большасць з 30 прысутных дэлегатаў. Аднак, паколькі больш за 99% акцый ААТ «Дываны Брэста» цяпер належаць дзяржаве, то ўлічваць меркаванне пратэстоўцаў ніхто не мерыўся: вынік галасавання быў абсалютна ясны.

Дарэчы, дзяржава ў свой час завалодала асноўным пакетам акцый у абмен на велізарныя крэдыты, выдадзеныя «Дыванам Брэста» на скончаную крахам мадэрнізацыю гэтага прадпрыемства, якое ўважалася за флагман лёгкай прамысловасці не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Аб праўдзівых прычынах самога краху выступоўца на сходзе акцыянераў прадстаўніца канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Саўчанка не сказала практычна нічога. Яна згадала толькі складаную сітуацыю на прадпрыемстве, што вымусілі канцэрн ініцыяваць банкруцтва ААТ «Дываны Брэста».

Са слоў Саўчанкі, за кошт дзяржаўнай падтрымкі здолелі істотна абнавіць парк тэхналагічнага абсталявання, і ў прадпрыемства з’явіліся вялікія магчымасці для вырабу высакаякасных сучасных дываноў і дывановых пакрыццяў. Але здарыўся форс-мажор. Як вобразна выказалася прадстаўніца канцэрна, «адбыліся змены не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і на вонкавым контуры рэспублікі», у выніку чаго «Дываны Брэста» страцілі рынак збыту, а спробы вярнуць яго праз арганізацыю выязнога гандлю поспеху не прынеслі.

Аб жаласным становішчы сведчыць той факт, што летась рахункі прадпрыемства некалькі разоў арыштоўваліся, а цяпер сітуацыя выглядае і зусім пагрозлівай. Так, крэдыторская запазычанасць за 2013 год склала 26,5 мільярда рублёў, а за крэдыты банкаў - больш за 87 млрд. Акрамя таго, на складах ААТ «Дываны Брэста» сабраўся трохмесячны запас прадукцыі.

Як патлумачыла Таццяна Саўчанка, урад пакінуў без задавальнення просьбу канцэрна «Беллегпрам» даць берасцейскаму прадпрыемству новую порцыю фінансавай падтрымкі, а таму адзінай магчымасцю выйсці з сітуацыі ў канцэрне бачаць у кірунку звароту ў Эканамічны суд Берасцейскай вобласці, каб той ініцыяваў працэдуру банкруцтва. Як ужо паведамляў charter97.org, першым гэтую ідэю агучыў на пасяджэнні гаспадарчага актыву Берасця першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук. Ён заявіў, што ў дачыненні да ААТ «Дываны Брэста» даўно пара пачынаць механізмы санацыі і банкруцтва, бо на прадпрыемстве «вісяць» велізарныя запазычанасці, а тыя, хто там застаўся, мерзнуць на сваіх працоўных месцах.

Непасрэдна на сходзе акцыянераў ААТ «Дываны Брэста» прадстаўнік аблвыканкама Уладзімір Чабатароў паспрабаваў супакоіць работнікаў прадпрыемства: нічога страшнага ў працэдуры банкруцтва няма. Паводле ягоных слоў, гэтую непрыемную працэдуру ў Берасцейскай вобласці прайшлі альбо знаходзяцца ў стадыі яе праходжання дзевяць прадпрыемстваў, і некаторыя з іх здалелі палепшыць свае фінансавыя паказчыкі. «Банкруцтва - слова непрыемнае, але ініцыяваць гэты працэс могуць і крэдыторы, - растлумачыў Уладзімір Чабатароў. - Так што гэта - справа часу: хто першы падасць заяву ў Эканамічны суд. А той можа прыняць альбо пастанову аб ліквідацыі прадпрыемства, альбо аб санацыi, г.зн. аздараўленні. Калі браць другі варыянт, то на прадпрыемства на тры месяцы прызначаецца часовы вонкавы кіраўнік, а яно атрымлівае адтэрміноўку ва ўсіх выплатах. Затым яна можа быць прадоўжаная, што азначае з'яўленне грошай у абарачэнні, а значыць і магчымасць запусціць эканамічны механізм і выбавіцца з крызіснай сітуацыі».

Вось толькі шараговыя акцыянеры ААТ «Дываны Брэста» не схільныя верыць у вясёлкавыя перспектывы, бо добра памятаюць, што яшчэ пару месяцаў таму тыя ж чыноўнікі запэўнівалі, што аб банкруцтве гаворка не ідзе, і ўсё на прадпрыемстве будзе добра. Акрамя таго, рабочыя падазраюць, што прызначыць вонкавым кіраўніком суд цалкам можа цяперашняга дырэктара Леаніда Шаўковага, які і дабіў прадпрыемства «да абуха».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках