3 траўня 2024, Пятніца, 10:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заходнія СМІ не вераць у поспех дамоўленасцей з Януковічам

10
Заходнія СМІ не вераць у поспех дамоўленасцей з Януковічам

Украінскія падзеі па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ.

Пасля двухдзённага гвалту ва ўкраінскай сталіцы, ахвярамі якога, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Украіны, сталі 77 чалавек, у Кіеве прайшлі «складаныя», як адзначаюць самі ўдзельнікі, перамовы ўкраінскіх уладаў і апазіцыі пры пасярэдніцтве кіраўнікоў МЗС Францыі, Нямеччыны і Польшчы. Бакі дамовіліся аб падпісанні пагаднення, якое павінна спыніць кровапраліцце ў краіне і дазволіць развязаць зацяжны палітычны крызіс, аднак замежныя журналісты не вераць ні ў поспех гэтых спробаў, ні ў шчырасць украінскага кіраўніцтва, паведамляе РБК.

Многія выданні мяркуюць, што прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч пайшоў на перамовы з Захадам ад безвыходнасці, пры гэтым ягоным палітычным абяцанням ці мала вераць нават ягоныя нешматлікія саюзнікі. Відавочна, што да вечара 20 лютага выбар Януковіча, які страціў дзясятак палітычных саюзнікаў, у тым ліку і сталічнага мэра, скараціўся да жорсткай дылемы «дапусціць разню або пайсці на перамовы», адзначае New York Times.

Wall Street Journal заяўляе, што пазіцыя Захаду ў дачыненні да дасягнутай дамоўленасці перапоўнена скептыцызму. «Цяжка ўспрымаць гэта абсалютна сур'ёзна, калі пытанне закранае абавязацельствы прэзідэнта Януковіча», - цытуе выданне польскага прэм'ера Дональда Туска.

«Для Януковіча перамовы з пасярэднікамі і апазіцыяй - толькі сродак атрымання тактычных пераваг у гэтай барацьбе не на жыццё, а на смерць. Украінскі прэзідэнт непрадказальны, гэта ведаюць усе, хто з ім меў зносіны і вёў справы - пачынаючы ад апазіцыі і ЕЗ, заканчваючы ягоным адзіным замежным прыхільнікам – Пуціным», - піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

FAZ мяркуе, што на самой справе «шляхі развязання крызісу зразумелыя»: гэта правядзенне канстытуцыйнай рэформы, якая абмяжоўвае ўладу, больш хуткае фарміраванне кааліцыйнага ўраду і правядзенне датэрміновых выбараў у гэтым годзе. Зрэшты, неабходныя «трывалыя гарантыі таго, што рэпрэсіі супраць апазіцыі не адновяцца», мяркуюць аўтары FAZ, а паводле фактаў падзеяў з сярэдзіны студзеня, калі з'явіліся першыя паведамленні пра ахвяры закалотаў, павінна быць ініцыяванае міжнароднае расследаванне. «Бо ўкраінская юстыцыя страціла ў вачах народа былы давер, а без аналізу падзей краіна не зможа акрыяць ад мінулых ахвяраў і супакоіцца», - рэзюмуе выданне.

Журналісты брытанскай Guardian канстатуюць той факт, што вера ва ўкраінскага прэзідэнта як сярод «роднай» апазіцыі, так і на міжнароднай арэне звалілася да рэкордна нізкага ўзроўню. Тым больш, як адзначае газета, у момант заявы адміністрацыі Януковіча аб дасягненні палітычнага пагаднення з еўрапейскімі дыпламатамі над майданам Незалежнасці зноў гучалі стрэлы.

Цяпер «горад» (Кіеў) і краіна яшчэ толькі ўсведамляюць тое, што адбылося на гэтым тыдні кровапраліцце», мяркуе The Guardian, аднак падзеі 18 і 19 лютага толькі ўзмацнілі пазіцыі пратэстнага руху і «ўмацавалі іх намер зрынуць Януковіча». На гэты момант, мяркуюць аўтары, «вельмі складана сабе ўявіць, як прэзідэнт наогул збіраецца вяртаць сабе які-небудзь аўтарытэт і як урад будзе аднаўляць кантроль над цэнтрам украінскай сталіцы».

«Усялякая ўгода, якая не прадугледжвае адстаўкі прэзідэнта, наўрад ці атрымае адабрэнне пратэстуючых», - дадае New York Times. Паўтараюць гэтае меркаванне шматлікія пратэстоўцы, каментары аднаго з якіх прыводзіць Reuters. «Гэта ўсяго толькі чарговы кавалак паперы. Мы не пакінем барыкады да таго часу, пакуль Януковіч не сыдзе ў адстаўку. Гэта ўсё, чаго хочуць людзі», - кажа Антон Салаўёў, IT-супрацоўнік, які знаходзіцца ў лагеры на Майдане.

Онлайн-версія нямецкага штотыднёвіка Spiegel піша, што нават асяроддзе міжнародных пасярэднікаў разумее, што ўкраінскія пратэстоўцы хочуць значна больш глыбокіх зменаў, чым ім прапануюць еўрапейскія дыпламаты. «Увесь гэты час пратэстоўцы патрабуюць сыходу Януковіча, таму шмат хто злосна рэагуюць на збліжэнне ўлады і лідараў апазіцыі», - адзначае выданне.

Нямецкія журналісты таксама прыводзяць меркаванне пратэстуючых адносна перамоў кіраўнікоў МЗС еўрапейскіх краін з абодвума бакамі ўкраінскага канфлікту і спробе заключыць міравое пагадненне. «Гэтая паперка зусім не бярэ ў разлік пратэстуючых на вуліцы», - заявіў Франку-Вальтару Штайнмайеру (кіраўнік МЗС ФРГ. - Заўв. РБК), актывіст Майдана. Пра гэта паведамляе ў сваім Twitter журналіст газеты Bild Паўль Роніхаймер.

Журналісты амерыканскай газеты Christian Science Monitor задаюцца пытаннем, ці не прымаюцца ўсе меры міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Украіны - як учарашнія і сённяшнія перамовы, так і эканамічныя і візавыя санкцыі, якія сталі адказам ЗША і Еўропы на «шырокамаштабны гвалт» ва Украіне, занадта позна.

Яны прыводзяць каментар эксперта Фонду Карнэгі ў Брусэлі Ульрыха Шпека, які адзначае, што Еўропа прымяняе традыцыйны «двухгаловы» падыход - прымяненне санкцый і дыпламатыю - для таго, каб схіліць абодва бакі канфлікту ва Украіне да заключэння пагаднення.

Гэтага ўжо даўно недастаткова, мяркуе эксперт. На ягоную думку, каб «даць адпор расейскаму ціску на Украіну», ЕЗ і ЗША павінны аб'яднаць свае намаганні для больш мэтанакіраваных дзеянняў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках