6 траўня 2024, панядзелак, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірландскі фізік знайшоў невядомы рукапіс Эйнштэйна

8
Ірландскі фізік знайшоў невядомы рукапіс Эйнштэйна

Дакумент пацвярджае, што Альберт Эйнштэйн не быў да канца ўпэўнены ў сваёй тэорыі адноснасці.

Фізік з Тэхналагічнага інстытута Вотэрфорда ў паўднёва-усходняй Ірландыі знайшоў невядомы раней рукапіс навукоўца. Знойдзены рукапіс паказвае, што Эйнштэйн не быў да канца ўпэўнены ў сваёй тэорыі адноснасці і Вялікага выбуху, разважаў над альтэрнатыўнай мадэллю стацыянарнага Сусвету, піша «Корреспондент».

Падобную тэорыю ў 1948 годзе распрацавалі Фрэд Хойл, Томас Голд і Герман Бондзі. Яны лічылі, што па меры пашырэння Сусвету і выдалення галактык адна ад адной паміж імі пастаянна ўзнікае новая матэрыя. Элементарныя часціцы спантанна з'яўляюцца ў космасе, аб'ядноўваюцца ў больш складаныя элементы, з якіх у вызваленай прасторы будуюцца новыя зоркі і галактыкі. Гэтая ідэя была даволі папулярная ў навуковым свеце да таго часу, пакуль у канцы 60-х гадоў не было адкрыта рэліктавага выпраменьвання, якое стала галоўным пацвярджэннем Вялікага выбуху.

Фізік Кормак О'Райфіртай з Тэхналагічнага інстытута Вотэрфорда перачытваў выкладзеныя ў вольным доступе рукапісы з архіва Альберта Эйнштэйна ў Іерусаліме. Яго ўвагу прыцягнуў дакумент на нямецкай мове, які раней лічылі чарнавіком іншай працы навукоўца. Па словах даследчыка, ён ледзь не ўпаў з крэсла, калі зразумеў, пра што на самой справе гаворыцца ў тэксце.

Мяркуецца, што Эйнштэйн напісаў тэкст ў 1931 годзе падчас паездкі ў Каліфорнію. У ім ён нашмат раней Хойла і яго калег разважае над магчымасцю з'яўлення новых часціц матэрыі для падтрымання пастаяннай шчыльнасці. Фізік меркаваў, што такая мадэль можа існаваць у рамках яго першапачатковай тэорыі. Выпраўленні, зробленыя ручкай іншага колеру, сведчаць пра тое, што пазней Эйнштэйн выявіў памылку ў разліках і вырашыў адмовіцца ад гэтай ідэі.

Падобна на тое, што эксперыментуючы са стацыянарнай мадэллю Сусвету, навуковец усё больш пераконваўся ў правільнасці тэорыі Вялікага выбуху, якую ён сам спачатку называў агіднай. З-за некаторага містычнага складніку першага моманту стварэння ўсёй матэрыі, гэтая версія да гэтага часу мае шмат праціўнікаў. Але на сённяшні дзень многія фізікі-тэарэтыкі прызналі, што Вялікі выбух з'яўляецца адзіным следствам Агульнай тэорыі адноснасці.

Больш падрабязна з аналізам рукапіса можна азнаёміцца на сайце бібліятэкі Карнельскага ўніверсітэта, дзе размешчаны pdf-варыянт артыкула.

Альберт Эйнштэйн - адзін з самых выдатных навукоўцаў у гісторыі чалавецтва. Яго Агульная тэорыя адноснасці легла ў аснову агульнапрызнанай сёння касмалагічнай мадэлі, згодна з якой уся існуючая матэрыя з'явілася ў выніку Вялікага выбуху і з тых часоў Сусвет пастаянна пашыраецца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках