7 траўня 2024, aўторак, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто купіў самыя дарагія кватэры Менска ў 2013 годзе?

32
Хто купіў самыя дарагія кватэры Менска ў 2013 годзе?

За сяміпакаёвыя апартаменты ў мінулым годзе заплацілі $1 мільён.

Самыя танныя кватэры ў Менску каштуюць каля $50 тысяч, а вось кошт самых дарагіх даходзіць да нерэальных лічбаў. Леташні рэкорд - амаль мільён даляраў! Хто ж купляе кватэры за такія грошы?

Інфармацыя аб здзелцы куплі-продажу жылля трапляе ў Нацыянальнае кадастравае агенцтва. Кошт і нумар дома, у якім была набытая кватэра, можа даведацца кожны жадаючы. «Наша Нiва» супаставіла гэтыя дадзеныя з дадзенымі аб уласніках жылля.

З вокнамі на праспект

На праспекце Незалежнасці рэдка будуюцца новыя жылыя дамы. Той, што ўзнік на рагу вуліцы Міхалова, з відам на парк Чалюскінцаў, пабудавала кампанія «Архітэкс». Элітны дом - адзіны аб'ект гэтай невядомай замежнай кампаніі.

Але менавіта ёй атрымоўваецца прадаваць самыя дарагія кватэры ў краіне.

Напрыклад, сяміпакаёвыя апартаменты плошчай 389 м2 сышлі за рэкордныя $998 985 - амаль мільён даляраў!

Яшчэ адну сяміпакавую кватэру ў тым жа доме прадалі за $696 тысяч (чацвёртае месца рэйтынгу). Але і па плошчы яна менш - «толькі» 281 м2.

Абедзве кватэры набыў адзін пакупнік. Каму не шкада такіх грошай? Іх заплаціла «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС», якая пачынае будаваць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Магчыма, кватэры будуць вылучацца як службовае жыллё для замежных топ-мэнэджэраў.

Каго са знакамітых беларусаў можна сустрэць у двары самага дарагога дома? Напрыклад, галкіпера футбольнага менскага «Дынама» Аляксандра Гутара або гандбаліста Сяргея Гарбака, які прамяняў зборную Беларусі на Расею. Ці поп-спявачку Ганну Шаркунову.

Чатыры кандыдаты на кватэру

Першыя жыхары скандальна вядомага дома Юрыя Чыжа «Ля Траецкага» атрымалі ва ўласнасць свае апартаменты яшчэ ў пазамінулым годзе. Але некалькі дзесяткаў кватэр - некаторыя з іх даражэй $1 мільёна - усё яшчэ чакаюць сваіх гаспадароў.

З леташніх здзелак самай дарагой была купля апартаментаў плошчай 239 м2 (другое месца рэйтынгу). За яе давялося заплаціць амаль $800 тысяч.

Такіх кватэр у мінулым годзе было прададзена чатыры. Сярод іх новыя ўласнікі - казахская кампанія, зарэгістраваная ў Лондане, грамадзянка Расеі, а таксама іранец Хабібалу Махамадзі Чахакі. Ён называўся адным з кіраўнікоў банка «Гандлёвы капітал», на які накладзеныя санкцыі ЗША. Але ўсе яны набывалі кватэры непасрэдна ў «Трайпла», за квадратны метр забудоўшчык бярэ не больш за $3000.

А вось інвестыцыйная кампанія «Аванта Бізнес Груп», таксама з рэгістрацыяй у Лондане, перакупляла кватэру ў іншай юрыдычнай асобы. Верагодна, з нацэнкай.

Яшчэ адну дарагую кватэру ($715 тысяч за 214 м2; гэта трэцяе месца) набыла нафтавая кампанія «БелСіціОйл», зарэгістраваная на мансардзе аднаго з офісных будынкаў у Драздах. Хто яе ўласнік - невядома. Кампанія - адна зтых , што займаліся пастаўкамі растваральнікаў з расейскіх нафтапрадуктаў.

«Сталінкі» для музея

Дорага каштуюць і кватэры ў старых будынках. «Сталінка» насупраць Кастрычніцкай плошчы ў доме Незалежнасці, 28 была прададзеная за $690 тысяч (пятае месца ў рэйтынгу).

Чатырохпакаёвая плошчай 213,9 м2 выведзеная з жылога фонду. Яе гаспадары - сям'я Сыраквашаў з Расеі. Муж быў нафтавіком і дробным акцыянерам банка «Масква-Сіці». Пенсію вырашыў сустракаць у Беларусі. Яго жонка Галіна даўно выношвала ідэю стварэння інтэрактыўнага музея для дзяцей. «Задума ў тым, каб зрабіць такі музей вучэбным: настаўнікі змогуць праводзіць у ім урокі, а дзеці самастойна вывучаць складаныя тэмы па хіміі, фізіцы, біялогіі. Хочацца, каб сюды прыходзілі ўсёй сям'ёй, як гэта прынята ў іншых краінах», - казала яна ў інтэрв'ю «Советской Белоруссии». І скардзілася: інвестар знойдзены, а Менгарвыканкам ніяк не дапамагае з пошукам памяшкання.

Куток для «Свету танкаў»

Не нашмат менш, $675 тысяч, атрымаў прадавец шасціпакаёвай кватэры па адрасе Чэхава, 3 (251,6 м2). Гэта ціхае месца паміж элітнай вуліцай Грыбаедава і праспектам Пераможцаў.

У двары дома можна сустрэць былога капітана футбольнай зборнай Беларусі Сяргея Гурэнку, хакеіста Змітра Мялешку, дачку былога прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага і нават бацьку кіраўніка прэзідэнцкай бальніцы Ірыны Абельскай.

Менавіта тут набыў нерухомасць адзін з топ-мэнэджэраў і акцыянераў Wargaming.net Мікалай Кацалапаў. Галоўны праект кампаніі - папулярная ва ўсім свеце кампутарная гульня «Свет танкаў» - прыносіць сваім стваральнікам мільёны даляраў чыстага прыбытку. Характэрна, што гэта цалкам прыватны праект, які не атрымаў з дзяржаўнага бюджэту ні рубля.

Дарэчы, Кацалапаў - першы з беларусаў у рэйтынгу! Дом яму спадабаўся яшчэ даўно. У пазамінулым годзе ён купляў на Чэхава, 3 іншую кватэру, удвая менш.

Сямёрку самых дарагіх кватэр замыкае жыллё, якое набыла грамадзянка Італіі ў доме па адрасе Няміга, 42. Трохпакаёвая кватэра плошчай усяго 80 м2 каштавала гіганцкія грошы - $641 тыс. Гэта амаль $8000 за квадратны метр!

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках