3 траўня 2024, Пятніца, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск застаўся без шостага траншу крэдыту ЕўрАзЭС

5
Менск застаўся без шостага траншу крэдыту ЕўрАзЭС

Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС назваў нявыкананыя Беларуссю параметры крэдытнай праграмы.

У справаздачы Еўразійскага банка развіцця, кіраўніка сродкамі Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС, прыведзеныя ўмовы шостага траншу крэдыту, якія не выканала Беларусь.

Справаздача аб выкананні рэспублікай паказчыкаў крэдытнай праграмы апублікаваная Еўразійскім банкам развіцця 26 лютага, піша БелаПАН.

Нагадаем, Савет АКФ у канцы 2013 года прыняў рашэнне адкласці на паўгода разгляд пытання аб вылучэнні Беларусі шостага траншу (440 млн. даляраў) крэдыту. Падставай для рашэння стаў той факт, што на 1 кастрычніка 2013 года рэспубліка не выканала паказчыкі крэдытнай праграмы.

Згодна з апублікаванай справаздачай, нявыкананымі апынуліся 10 паказчыкаў крэдытнай праграмы, уключаючы пяць кантрольных. У прыватнасці, Беларусь не выканала ўзятыя абавязацельствы па ўзроўні валавых і чыстых міжнародных рэзерваў, па прыватызацыі, а таксама па прыросце крэдытаў эканоміцы.

"Невыкананне большасці паказчыкаў праграмы з'яўляецца вынікам эканамічнай палітыкі ўладаў па празмерным стымуляванні ўнутранага попыту, што вядзе да поўнай страты дасягненняў стабілізацыйнай праграмы АКФ праз ўстойлівае пашырэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый з другой паловы 2012 года", - гаворыцца ў справаздачы аб выкананні Беларуссю ўмоваў шостага траншу.

На думку персаналу фонду, памер гэтага дэфіцыту "з'яўляецца вельмі няўстойлівым і прыводзіць да скарачэння міжнародных рэзерваў краіны, ціску на валютны курс і росту знешняга доўгу".

У справаздачы аб выкананні умоваў крэдытнай праграмы таксама паведамляецца, што Беларусь не выканала і некаторыя іншыя параметры шостага траншу крэдытнай праграмы. У прыватнасці, не была выкананая ўмова па збліжэнні ставак акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю з расейскім узроўнем.

Згодна з умовамі крэдытнай праграмы, Беларусь таксама павінна была восенню 2013 года давесці ўзровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг да 40%, а ўзровень пакрыцця выдаткаў на транспартныя паслугі да 90% за кошт сродкаў насельніцтва. Аднак ні першы, ні другі параметр крэдытнай праграмы не быў дасягнуты, паведамляецца ў справаздачы Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

У сувязі з невыкананнем Беларуссю паказчыкаў крэдытнай праграмы Еўразійскі банк развіцця рэкамендаваў Савету АКФ адкласці разгляд пытання аб вылучэнні шостага траншу крэдыту.

Меркавалася, што Беларусь ўзгадняе з АКФ новы ліст аб намерах, у якім возьме на сябе ўдакладненыя абавязацельствы па выкананні умоваў шостага траншу. Як паведаміў раней намеснік старшыні Еўразійскага банка развіцця Сяргей Шаталаў, зноў пытанне аб вылучэнні Беларусі шостага траншу крэдыту Савет АКФ плануе разгледзець у трэцім квартале 2014 года.

Нагадаем, пачатак дзеючай праграмы Беларусі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС быў пакладзены два з паловай гады таму. 4 чэрвеня 2011 года Савет АКФ ухваліў вылучэнне краіне фінансавага крэдыту ў аб'ёме 3 млрд. даляраў ЗША. Сродкі накіроўваліся на стабілізацыю плацёжнага балансу і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі.

Меркавалася, што крэдыт будзе вылучаны шасцю траншамі на працягу 2011-2013 гадоў у адпаведнасці з выкананнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам. Мінфін Беларусі чакаў, што шосты транш крэдыту паступіць у краіну ў лістападзе 2013 года. Пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь, нагадаем, атрымала 30 красавіка 2013 года.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках